З рэдакцыяй зьвязаўся Іван (імя зьмененае), які распавёў, што возера належыць Багушэўскаму лясгасу, аднак яго кіраўніцтва і работнікі зусім ня дбаюць пра тое, каб рыба перажыла зіму.
«Яны ж працуюць з бэнзапіламі. Калі б начальства загадала, дык мужыкі выйшлі б на возера, нарэзалі адтулін, і рыбе кісларод бы паступаў», – абураецца чытач.
Не турбуе рыба, паводле словаў Івана, і супрацоўнікаў інспэкцыі па ахове жывёльнага і расьліннага сьвету: іх цікавіць не ратаваньне рыбы, а плян па злове няўдачлівых рыбакоў.
Як ён распавёў, у сярэднім у калгасах Сеньненскага раёну людзі атрымліваюць па 150 рублёў, але і гэтыя грошы не даюць на рукі, а пераводзяць на краму, каб людзі маглі набраць прадуктаў на гэтую суму. Таму рыбалка шмат для каго – ня проста хобі, а магчымасьць пракарміць сям'ю.
Так, некаторыя парушаюць і выкарыстоўваюць для лоўлі рыбы нерат, які, дарэчы, свабодна прадаецца ў рыбалоўных крамах.
Так здарылася і зь Віктарам (імя зьмененае). Мужчына паставіў нерат. Супрацоўнікі інспэкцыі, прыкінуўшыся рыбакамі, знаходзіліся на возеры і чакалі, пакуль ён яго выцягне, каб злавіць на месцы злачынства. І калі гэта адбылося, падышлі да недарэкі-рыбака. Віктару далі 500 рублёў штрафу, хоць у ягоным жаку не было ніводнай рыбкі. А як мужчыну заплаціць штраф, калі яе памер у некалькі разоў перавышае заробак, дый той на рукі не выдаюць?
«Вось і выходзіць, што інспэктары замест таго, каб выконваць сваю працу і ратаваць рыбу ўзімку, ловяць людзей, зь якіх і ўзяць няма чаго, – разважае Іван. – На іх думку, хай рыба лепш паздыхае, чым мясцовым дастанецца. І гэтак штогод. Рыба задыхаецца, забіваецца ў канавы і пратокі, велізарная колькасьць яе гіне кожную вясну, але гэта інспэкцыю не турбуе. А вось як лавіць людзей, якія папросту хочуць накарміць дзяцей, дык інспэктары тут жа. Гэта ж для колькіх сем'яў магла быць падмога, а цяпер здохлая рыба проста гніе, разносячы смуродны пах. Якая шкода нанесеная прыродзе і эканоміцы! Мо' хтось з уладаў хоць цяпер зважыць на гэта?»
https://vitebsk.dns.army/news/ekaliohija/item/2222-mor-ryby-u-sennenskim-rajone-khaj-pazdykhae-ale-myastsovym-ne-dastanetstsa#sigProId447f11359c
Саша Май, vkurier.by