Zero waste – гэта стратэгія, накіраваная на памяншэньне ўтварэньня адкідаў, павелічэньне перапрацоўкі і на трансфармацыю сусьветнай эканомікі на вытворчасьць нетаксычных і лёгкіх для другаснай перапрацоўкі тавараў.
У межах гэтай стратэгіі эколягі змагаюцца за зьмяншэньне ці поўнае выключэньне выкарыстаньня таксычных рэчываў у таварах, зьніжэньне ўплыву такіх рэчываў на атмасфэру, а таксама скарачэньне саміх адкідаў праз максымальна магчымае захаваньне матэрыялаў.
Асноўную ідэю стратэгіі агучыла падчас лекцыі Марыя: цалкам эфэктыўна перапрацоўваць адкіды (асабліва па некалькі разоў адны і тыя ж) немагчыма, таму трэба дамагацца скарачэньня ўтварэньня саміх адкідаў і зьмяншаць выкарыстаньне прыродных рэсурсаў, а ня толькі займацца перапрацоўкай. Велізарная частка адкідаў, якія ўтвараюцца ў працэсе жыцьцядзейнасьці або вытворчасьці, не паддаецца сартаваньню або перапрацоўцы. Таму неабходна, наколькі магчыма, адмовіцца ад выкарыстаньня пэўных тавараў.
Так, адным з найнебясьпечнейшых прадметаў зьяўляецца ўсім вядомы плястыкавы пакет. Эколягі ўжо даўно зьвярнулі на яго самую пільную ўвагу і дамагаюцца скарачэньня яго выкарыстаньня.
У розных краінах гэта атрымліваецца па-рознаму. У больш як 50 краінах пакеты або забароненыя, або ўведзены дадатковы падатак на іх выкарыстаньне. У Кеніі, напрыклад, выкарыстаньне пластыкавых пакетаў цалкам пад забаронай. Для парушальнікаў нават прадугледжаны крымінальны артыкул – чалавек, які парушыў забарону, можа атрымаць да 4 гадоў турмы.
Вялікую ўвагу надаюць эколягі і барацьбе супраць пластыкавых стопак. «Паказчык умоўнага камфорту» – так ахарактарызавала практыку выкарыстаньня аднаразовых стопак лектарка. Яна заклікала цалкам адмовіцца ад іх купляньня і карыстацца шматразовымі шклянкамі і кубкамі, зробленымі або з экалягічна чыстага матэрыялу, або хай нават не з зусім чыстага, але затое прыдатнага для шматразовага выкарыстоўваньня.
Як навочны прыклад, Марыя прадэманстравала кубак «Weducer», выраблены з адкідаў кававай гушчы, які яна набыла ў Нямеччыне і зь якім ходзіць у кавярні ды на розныя імпрэзы, не выкарыстоўваючы такім спосабам аднаразовыя стопкі. Гэтаксама могуць рабіць і ўсе неабыякавыя грамадзяне. Гэта паспрыяе ня толькі зьмяншэньню экалягічнага забруджваньня, але і дазволіць эканоміць грошы на пастаянным купляньні аднаразовага посуду.
У барацьбе за эканомію рэсурсаў ва ўсім сьвеце пашыраюцца крамы «без упакоўкі», дзе пакупнік можа прыйсьці са сваёй тарай і на вагу набыць розныя прадукты – гарбату, каву, памідоры і іншыя. Такім чынам эканомяцца рэсурсы, якія выкарыстоўваюцца на выраб упакоўкі – тыя ж пакеты, пластыкавыя кантэйнэры, шкляныя бутэлькі.
Вялікая роля ў захаваньні рэсурсаў і памяншэньні адкідаў адводзіцца выкарыстаньню розных падыходаў. Напрыклад:
- стымуляваньне рамонтнай галіны (у Швэдзкі парлямэнт унесеная прапанова аб зьніжэньні ПДВ з 25 да 12 працэнтаў на рамонт ровараў, адзеньня, абутку);
- супрацьдзеяньне заплянаванаму старэньню (увядзеньне дадатковых акцызаў для тавараў з кароткім тэрмінам эксплёатацыі, і, наадварот, заахвочваньне тых вытворцаў, якія выпускаюць тавары доўгатэрміновага ўжытку);
- прасоўваньне эканомікі сумеснага карыстаньня (даваньне ў арэнду розных прадметаў, інструмэнтаў, абсталяваньня);
- прадухіленьне ўтварэньня харчовых адкідаў (у некаторых эўрапейскіх краінах, напрыклад у Францыі, крамы павінны бясплатна аддаваць прадукты харчаваньня, тэрмін прыдатнасьці якіх падыходзіць да канца, але якія яшчэ можна ўжываць у ежу бяз рызыкі для здароўя);
- прамысловае кампаставаньне (падзельны збор арганікі праз прыдамовыя кантэйнэры);
- прыём тары для наступнага выкарыстаньня (у Беларусі толькі 5% тары з-пад напояў выкарыстоўваецца паўторна).
Для тых, хто заразіўся ідэяй «Нуль адкідаў», пры канцы лекцыі Марыя падзялілася некалькімі так званымі лайфхакамі са свайго досьведу: выкарыстоўваць торбы з тканіны, хадзіць па горадзе з бутэлькай вады, у крамы хадзіць з уласнымі кантэйнэрамі для прадуктаў розных памераў, выкарыстоўваць шматразовыя кубкі і шматразовыя сродкі асабістай гігіены (насоўкі, а не сурвэткі), рабіць нататкі на дэвайсах, а не на паперы.
Нягледзячы на тое, што для Беларусі многія згаданыя падыходы зьяўляюцца яшчэ экзотыкай, тым ня менш, прапагандуючы экалягічны стыль жыцьцядзейнасьці, можна памяняць сытуацыю і тут. Як сказала Марыя, зьмяніць сьвядомасьць людзей і было асноўным сэнсам ў правядзеньні лекцыі.
https://vitebsk.dns.army/news/ekaliohija/item/2859-nul-adkidau-mara-tsi-realnasts-skladanaya-prablema-yakuyu-mozhna-vyrashyts#sigProId8228e23100
Уладзімер Бяляўскі