Пятніца, 19 Красавік 2019

Віцебскі “Самасад” запрашае гараджан на пасадку дрэваў у парку Броўкі

Ацаніць гэты матэрыял
(12 галасоў)
Падчас акцыі "Самасаду" ў 2018 годзе Падчас акцыі "Самасаду" ў 2018 годзе

Грамадзянская ініцыятыва “Самасад” ладзіць чарговую акцыю азеляненьня Віцебску. Актывісты запрашаюць усіх віцяблян 20 красавіка ўзяць удзел у пасадцы дрэваў у парку Петруся Броўкі. Агульны збор – ў 11.00.

“Сябры, настаў час сасмасаду. Запрашаем правесьці цёплы суботні дзень з карысьцю і завяршыць пачатую яшчэ ў 2014 годзе пасадку парку Петруся Броўкі”, – заклікаюць актывісты “Самасаду” ў Telegram ды іншых сацсетках.

Дрэвы – клёны, явары, ліпы і ясені – будуць саджаць уздоўж Новааршанскай шашы насупраць дамоў №№ 15\1, 17\2, 17\3, 19\1, 19\3 па вуліцы Петруся Броўкі (паміж тэлезаводам і крамай “Веста”).

“Прыводзьце сяброў, а галоўнае – дзяцей! Саджанцы, калочкі ды добры настрой гарантаваныя кожнаму, а рыдлёўкі, вёдры ды пальчаткі, калі ёсьць магчымасьць, прыносьце з сабой”, – пішуць арганізатары.

Пачатак – ў 11.00 (субота, 20 красавіка).

Летась “Віцебская Вясна” расказвала пра тое, як “Самасад” пасадзіў 200 дрэваў у віцебскім мікрараёне Білева.

Зьміцер Міраш