Аўторак, 09 Чэрвень 2015

Сьцёкі са сьвінакомплексу ў Пальмінцы выклікалі гібель рыбы ў возеры Бараноўскае

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

29 траўня на возеры Бараноўскае каля вёскі Канавалава Віцебскага раёну Віцебскай і Гарадоцкай раённымі інспэкцыямі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя супольна з Гарадоцкай міжраённай інспэкцыяй аховы жывёльнага і расьліннага сьвету быў выяўлены факт гібелі рыбы.

У выніку праведзеных апэратыўных мерапрыемстваў інспэктарамі быў выяўлены несанкцыянаваны скід сьцёкавых вод з разьмеркавальнага калодзежу прыёмнага рэзэрвуару ачышчальных збудаваньняў сьвінагадоўчага комплексу УП «Паўночны» Гарадоцкага раёну.

Сьцёкавыя воды па рэльефе мясцовасьці патрапілі ў меліярацыйны канал, які зьяўляецца часткай сеткі каналаў, злучаных з возерам Бараноўскае, паведамляецца ў прэс-рэлізе Віцебскага абласнога камітэту прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя.

29 траўня і 1 чэрвеня спэцыялістамі Віцебскай абласной лябараторыі аналітычнага кантролю зроблены адбор пробаў паверхневых і сьцёкавых вод. Атрыманыя вынікі аналізаў пацьвердзілі факт забруджваньня водных аб’ектаў.

УП «Паўночны» праведзеныя работы па ліквідацыі аварыйнай сытуацыі. Па фактах забруджваньня водных аб’ектаў і парушэньня правілаў эксплёатацыі водагаспадарчых збудаваньняў і прылад распачаты адміністрацыйны працэс, рыхтуюцца матэрыялы па прад’яўленьні прэтэнзіі аб кампэнсацыі шкоды, нанесенай навакольнаму асяродзьдзю.

haradok.info