Нядзеля, 07 Жнівень 2016

Віцебскія краязнаўцы даведаліся пра дакладнае месца масавых забойстваў ля вёскі Паляі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Анатоль Ходзькін Анатоль Ходзькін

Пахаваньні часоў рэпрэсіяў знаходзяцца блізу 50-100 мэтраў углыб лесу ад таго месца, дзе 29 ліпеня 2007 году быў усталяваны сымбалічны крыж у памяць ахвяраў сталінізму ўзбоч дарогі з Віцебску на Лёзна, і за 400 мэтраў ад вёскі Паляі Віцебскага раёну.

У трыццатыя гады дваццатага стагодзьдзя гэтае месца было сярод шэрагу іншых у ваколіцах Віцебску, дзе на працягу некалькіх гадоў адбывалася зьнішчэньне асобаў, якіх савецкая ўлада ўважала за «ворагаў народу».

67-гадовы жыхар вёскі Паляі Ходзькін Анатоль Леанідавіч, зь якім мы прыехалі на месца забойстваў рэпрэсаваных сталінскім рэжымам грамадзянаў, распавёў нам, што даведаўся пра тое ад свайго дзеда па бацькавай лініі, удзельніка першай сусьветнай вайны, Рыгора Фядотавіча Ходзькіна. У шасьцідзесятыя гады ён паказаў унуку месца растрэлаў і сказаў: «Запомні гэты пагорак». Пагорак той немалы і цягнецца гектараў на дзесяць, упіраючыся ў возера Берніцкае. Увесь ён, як кажа спадар Леанід, паводле словаў ягонага дзеда, быў зрыты ямінамі, куды кідалі забітых людзей.

Пасьля забойстваў яміны засыпаліся пяском, прыкрываліся зьверху дзёрнам і маскіраваліся маладымі ялінамі, высаджваючы якія забойцы меркавалі схаваць сьляды сваіх злачынстваў. Злачынствы зьдзяйсьнялі супрацоўнікі Віцебскай управы НКВД. Мяркую, яны былі перакананыя, што ані пра іхныя прозьвішчы, ані пра іхныя ўчынкі ніхто ніколі не дазнаецца. Але ўсё тайнае раней ці пазьней становіцца яўным. З друку стала вядома, што  праваабарончы цэнтар «Мэмарыял» выдаў даведнік з прозьвішчамі супрацоўнікаў НКВД 1930-х гадоў. У даведніку – сорак тысячаў прозьвішчаў.

Праца працягваецца.

Пра пахаваньні рэпрэсаваных у ваколіцах вёскі Паляі чулі ад старэйшых аднавяскоўцаў таксама Васіль Самаросенка, Станіслаў Старыковіч, Ірына Кротава.

Кажа жыхар Паляёў Самаросенка Васіль Паўлавіч: «Пра пахаваньні рэпрэсаваных у ваколіцах вёскі ўпершыню даведаўся недзе ў шасьцідзесятыя гады ад старых. Пра гэта казаў і Дарожкін Якаў, і Старавойтаў Аляксандар. На той час ім было ўжо за пяцьдзясят гадоў. Казалі, што перад вайной людзей прывозілі і расстрэльвалі, мяркуючы па іхных словах, недзе ў раёне ўсталяванага ў памяць рэпрэсаваных крыжа, але ж я тады асабліва не задумваўся пра дакладнае месца».

Кажа Станіслаў Станіслававіч Старыковіч: «Па-сапраўднаму я нарадзіўся ў 1932 годзе, але падчас вайны маці мяне памаладзіла і запісала 1933 годам, каб немцы не забіралі на рыцьцё акопаў. Так і засталося.

Бацька мой у трыццатыя гады працаваў мясцовым лесьніком. Аднойчы ён натрапіў разам са  сваім сабачкам на ачапленьне энкавэдыстаў. Тыя павярнулі яго назад і папярэдзілі, каб найбліжэйшым часам больш тут не зьяўляўся. Распавядаў бацька і пра тое, што яго вельмі зьдзівіла: на тым пагорку, дзе ён раней зьбіраў суніцы і касіў, ужо былі пасаджаныя ялінкі, нібыта дзеля маскіроўкі. Расстрэльвалі там не аднойчы. Месца тое крыху вышэйшае за ўсталяваныя крыжы. Цяпер там праходзіць высакавольтная электралінія. Я быў там са сваім бацькам, і ён мне паказваў дакладнае месца расстрэлаў. Яно вышэйшае мэтраў на 100–200, але цяпер я дрэнна хаджу і паказаць вам ня здолею».

Жыхарка вёскі Вароны Ірына Ігараўна Кротава прыгадала ўспаміны Галіны Кучар, якая некалі распавядала ёй пра часы рэпрэсіяў і дакладна паспрабавала перадаць ейныя словы: «У 37-м годзе Галіне Кучар было чатырнаццаць гадоў. Аднаго разу ў яе вельмі балеў зуб, і, каб хоць неяк суцішыць боль, яна хадзіла па бальшаку. Заўважыла, што пад Берніцкай гарой у лес збочвалі, як яна казала, «урадавыя машыны». Яе тое вельмі зацікавіла і яна са сваёй сяброўкай вырашыла даведацца, што ж яны там робяць. Яны падышлі да гары, але пастух, што пас статак, пачаў на іх крычаць і пугай шугануў адтуль. Пазьней ад вяскоўцаў дазналася, што туды прывозілі людзей, змушалі капаць магілу, расстрэльвалі, засыпалі яміну і ,каб не было відаць, зьверху высаджвалі яліны. Былі выпадкі: людзі бачылі, як дажджом  вымывала крысо паліто ці нейкае іншае адзеньне».

Калі адлік сталінскім злачынствам весьці ад сымбалічнага 37-га году, налета будзе восемдзесят гадоў з часу катаваньняў і зьдзекаў зь людзей, якія нічым не былі вінаватыя перад законам і людзьмі ані тады, ані цяпер, але ж памяць пра іх занядбаная і дагэтуль. Прыкра ўсьведамляць, што тутэйшыя грамадзяне і тутэйшая ўлада не робяць ніякіх намаганьняў, каб па-сапраўднаму рэабілітаваць гэтых людзей. Пра што гэта сьведчыць? Пра дэградацыю ўлады і дэградацыю грамадзтва. У сувязі з гэтым хочацца прыгадаць вялікую кучу сьмецьця, што пакінула пасьля сябе на месцы неўшанаваных могілак рэпрэсаваных група маладзёнаў пасьля разгульнага сьвяткаваньня – досыць красамоўны сымбаль нашай цяпершчыны і нашага стаўленьня да мінулага.

С. Горкі