Ініцыятыва «Хайсы» паўстала празь пяць месяцаў пасьля таго, як у кастрычніку 2014 году ў лесе ля вёскі Хайсы жыхар вёскі Лужасна Сяргей Кудзінаў дапамог грамадзкім актывістам адшукаць месца масавых пахаваньняў рэпрэсаваных у трыццатыя гады мінулага стагодзьдзя грамадзянаў. Разрабаваныя чорнымі капальнікамі магілы, вакол якіх валяліся касьцяныя парэшткі, настолькі ўразілі, што было вырашана распачаць працу па ўшанаваньні памяці пра бязьвінных ахвяраў савецкага таталітарызму.
Як паведаміў старшыня ініцыятывы Ян Дзяржаўцаў, на шляху да аднаўленьня гістарычнай праўды грамадзкія актывісты сутыкнуліся з зацятым супрацьдзеяньнем з боку чынавенства Віцебскага раёну і розных структураў МУС, КДБ , Узброеных сілаў Беларусі ў асобе кіраўніцтва 52-га пошукавага батальёну.
Амаль ва ўнісон прадстаўнікі дзяржаўных структураў пераконваюць, што знойдзеныя парэшткі належаць асобам, якія сталі ахвярамі фашыстаў за часамі акупацыі. Пры гэтым ніхто зь іх не зьвяртае аніякай увагі на сьведчаньні амаль трыццаці жыхароў Віцебску, Дрыкольля, Хайсоў, Лужасна і Мазалава, якія альбо на ўласныя вочы бачылі, як расстрэльвалі людзей, альбо чулі пра тое ад бацькоў ці аднавяскоўцаў. Не ўзялі яны пад увагу і заўвагі археолягаў Міколы Крывальцэвіча і Валянціны Вяргей, якія ўдзельнічалі ў раскопках Курапатаў і наведалі Хайсы ў прыватным парадку. Урэшце парэшткі, паднятыя 52-м пошукавым батальёнам, прыканцы 2016 году без прыцягненьня шырокай грамадзкасьці былі перапахаваныя на вайсковым мэмарыяле станцыі Лужасна.
Старшыня абласной арганізацыі БНФ, а па сумяшчальніцтве сакратар ініцыятывы «Хайсы», Кастусь Смолікаў паведаміў, што пасьля гэткага абыякавага стаўленьня да сьведчаньняў мясцовых жыхароў і цынічнага абыходжаньня з парэшткамі рэпрэсаваных яшчэ 17 кастрычніка 2016 году ён зьвярнуўся да старшыні выканаўчага камітэту Віцебскага раёну Г. Сабыніча. Як абласны кіраўнік палітычнай партыі ён запатрабаваў ад кіраўніка Віцебскага раёну зрабіць усё неабходнае, каб на 2017 год вядомыя месцы пахаваньняў каля вёсак Паляі, Хайсы і ў Цёплым лесе былі ўнесеныя ў плян палявых работ 52-га пошукавага батальёну.
Адказ на свой кастрычніцкі зварот ён здолеў атрымаць толькі ў студзені, пасьля асабістага наведваньня адміністрацыі Віцебскага раёну, дзе ўзяў копію адказу, нібыта дасланага заяўніку поштай яшчэ 18 лістапада. У падпісаным намесьніцай старшыні райвыканкаму Ксеніяй Карабач лісьце сьцьвярджаецца, што «падставаў для правядзеньня палявых пошукавых работ няма». Няма з тае прычыны, што ў райвыканкам ніякай інфармацыі пра знаходжаньне касьцяных парэшткаў у ваколіцах азначаных вёсак ні ад асобных грамадзянаў, ні ад дзяржаўных структураў не паступала. Як кажуць у такіх выпадках, «без камэнтараў».
Пагадзіцца з гэткім станам рэчаў актывісты ініцыятывы «Хайсы», безумоўна, ня могуць, таму сёлетняя работа якраз і будзе скіраваная на аднаўленьне гістарычнай праўды. Работа будзе засяроджвацца на пошуку новых сьведкаў трагедыі і найшырэйшым азнаямленьні грамадзкасьці зь іх успамінамі.
Вось плян дзейнасьці сяброў ініцыятывы на найбліжэйшы час:
- У 80-годзьдзе сталінскіх рэпрэсіяў, якія ў грамадзкай сьвядомасьці стала асацыююцца з 1937-м годам, зьвярнуцца да гарадзкіх і абласных уладаў з прапановай правесьці сумесна шэраг мерапрыемстваў, прымеркаваных да гэтага трагічнага году.
- Працягнуць працу па пошуку месцаў пахаваньняў рэпрэсаваных.
- Дзеля прыцягненьня грамадзкай увагі працягнуць усталяваньне памятных крыжоў ля месцаў масавых расстрэлаў у ваколіцах Віцебску.
- Зьвярнуцца да гарадзкіх уладаў з прапановай усталяваць памятную шыльду на сьцяне віцебскай турмы, дзе ў трыццатыя гады зьдзяйсьняліся катаваньні і забойствы рэпрэсаваных.
- Працягнуць працу па складаньні сьпісу грамадзянаў, рэпрэсаваных у Віцебскай вобласьці .
- Зрабіць запыт у сьледчы камітэт Віцебскага раёну ў сувязі з адсутнасьцю інфармацыі пра далейшы лёс парэшткаў, узятых на экспэртызу з раскопаў у лясным масіве ля вёскі Хайсы.
- Пачаць працу па стварэньні фільму, заснаванага на ўспамінах наўпроставых і ўскосных сьведкаў пра месцы масавых расстрэлаў у ваколіцах гораду Віцебску.
- Зладзіць фотавыставу, якая б распавяла пра асобаў, што спрыялі грамадзкім актывістам у пошуку месцаў пахаваньняў рэпрэсаваных, зьнішчаных за Саветамі блізу Віцебску.
- Падаць дакумэнты для рэгістрацыі грамадзянскай ініцыятывы «Хайсы».
Пры канцы сустрэчы кіраўнік ініцыятывы Ян Дзяржаўцаў выказаў спадзяваньне, што захады, зробленыя для рэгістрацыі ініцыятывы ў якасьці грамадзкай арганізацыі, паспрыяюць далучэньню да яе новых чальцоў, і, у першую чаргу, сваякоў грамадзянаў, некалі рэпрэсаваных у Віцебскай вобласьці.
С. Горкі