У сваім уступным слове арганізатар канфэрэнцыі, старшыня віцебскага грамадзкага аб'яднаньня «Самакіраваньне і грамадзтва» Хрыстафор Жаляпаў зачытаў цытату з кнігі навукоўца Генадзя Праневіча. Сярод іншага там адзначалася, што 460 гадоў таму за дваццаць кілямэтраў ад Віцебску ў мястэчку Астроўна ў сьвет прыйшоў чалавек, якому наканавана было адыграць адну з самых заўважных роляў у тагачаснай гісторыі Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага. Але вялікая творчая спадчына, пакінутая знаным беларусам, застаецца актуальнай і ў трэцім тысячагодзьдзі.
Галоўным дакладчыкам на канфэрэнцыі, якую плянавалася правесьці яшчэ ў траўні, мусіў быць якраз Генадзь Праневіч. Але вядомы дасьледчык творчасьці і жыцьця Льва Сапегі, які шмат зрабіў дзеля вяртаньня яго імя ў сучасны інтэлектуальны кантэкст, заўчасна сышоў у іншы сьвет. Прысутныя ўшанавалі памяць дасьледчыка хвілінай маўчаньня.
Хрыстафор Жаляпаў нагадаў, што Віцебская філія Фонду імя Льва Сапегі» (1992г.) была ўтвораная яшчэ ў 1993 годзе. За гэты час зроблена нямала, але жыцьцё вымагае новых высілкаў і, дзякуй Богу, ёсьць людзі, якія і цяпер намагаюцца пашыраць веды пра Льва Сапегу.
Доктар філялягічных навук Іван Саверчанка, які выступаў сьледам, нагадаў, што менавіта ён зьяўляецца тым навукоўцам, што першым у васьмідзясятыя гады мінулага стагодзьдзя пачаў вяртаць у навуковы кантэкст імя Льва Сапегі. Яго першая невялікая кніга так і называлася «Канцлер Вялікага Княства: Леў Сапега». Але маштаб асобы вымагаў новых досьледаў. І хаця прысабечыць сабе гэтую тытанічную постаць хацелі і палякі , і летувісы, а савецкія ідэалягічныя догмы не спрыялі таму, каб канцлер увайшоў у нашае жыцьцё як выбітны нацыянальны папярэднік, удалося дасягнуць многага. Ёсьць цяпер і вуліца імя Сапегі, і помнік – і ніхто не ўспрымае гэта як нейкае дзіва. А доказаў таго, што гэта наш гістарычны герой, сабрана звыш меры. Казаў Ігар Саверчанка і пра тое, што акрамя юрыдычнай і дыпляматычнай спадчыны, Сапега мае і вялікую эпісталярную спадчыну, якую трэба ўводзіць у праграму навучаньня студэнтаў-філёлягаў.
Сястра Генадзя Праневіча Ніна Чарановіч, якой Хрыстафор Жаляпаў затым даў слова, настолькі шчыра і замілавана распавяла пра свайго брата, што шмат у каго на вачох навярнулася сьляза. Адкрыла яна і новую грань яго таленту. Аказваецца, ён усё жыцьцё пісаў кранальныя вершы, якія тычыліся важных момантаў яго жыцьця ад дзяцінства і амаль да скону.
Андрэй Завадзкі, сябра Фонду Льва Сапегі, гаварыў пра тое, што рэнэсансная асоба Льва Сапегі роўная такім постацям, як Калюмб, Магелан, Лютэр, Капернік, Ньютан ці той жа Томас Мор. І хаця гэтыя асобы з розных часоў, але з кожным зь іх можна суаднесьці Льва Сапегу, бо ён здолеў праявіць сябе ў разнастайных якасьцях: як палітык, мэцэнат, літаратар, палкаводзец, вайсковы дзеяч, рэлігійны філёзаф, фундатар культавых забудоў… А як гуманіст, ён стаіць у адным шэрагу зь іншымі выбітнымі гуманістамі сьвету.
Краязнаўца зь Бешанковічаў Станіслаў Леаненка казаў пра Сапегу са свайго пункту гледжаньня. Казаў пра тое, як прышчапляе гістарычныя веды пра Сапегу вучням і дарослым, пра канкрэтныя гістарычныя дакумэнты, тэстамэнты, вёскі, мястэчкі, цэрквы і касьцёлы, як ці інакш зьвязаныя з родам Сапегаў. Казаў, што Астроўна амаль на працягу амаль пяцісот гадоў быў родавым маёнткам Сапегаў. З часу мінулага пераносіўся ў час сёньняшні і казаў пра архітэктурныя будынкі, фундаваныя Сапегамі, што захаваліся ў Астроўне і Бешанковічах. І пра тое, як яны выкарыстоўваюцца зараз.
Разгорнутымі былі выступы і наступных удзельнікаў пра Сапегаў у Воршы, Друі, Расіцы, Асьвеі, Сар’і…
Пры канцы канфэрэнцыі аршанскі мастак Алесь Кажамяка падарыў Хрыстафору Жаляпаву партрэт Льва Сапегі, намаляваны ім дваццаць гадоў таму.
Пасьля таго, як канфэрэнцыя скончылася, некалькі яе ўдзельнікаў наведалі аграгарадок Астроўна, дзе, на жаль, толькі невялікі памятны камень нагадвае пра тое, што 460 гадоў таму менавіта тут нарадзіўся Леў Сапега.
https://vitebsk.dns.army/news/hramadzjanskija-inicyjatyvy/item/2328-spadchyna-lva-sapegi-yak-padmurak-demakratychnaj-pravavoj-dzyarzhavy#sigProId3be7b56f6e
С.Горкі