Субота, 14 Кастрычнік 2017

Актывісты ініцыятывы “Хайсы” атрымалі адмову ў рэгістрацыі грамадзкага аб’яднаньня

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Крыж пад Хайсамі Крыж пад Хайсамі

Галоўнае ўпраўленьне юстыцыі Віцебскага аблвыканкаму адмовілася зарэгістраваць гісторыка-асьветніцкае грамадзкае аб’яднаньне “Хайсы”. Падставай для адмовы сталі шматлікія, паводле ацэнкі чыноўнікаў, парушэньні, якія дапусьцілі заяўнікі пры афармленьні рэгістрацыйных дакумэнтаў.

У лісьце да заяўнікаў рэгістрацыйны орган пералічвае ўсе недахопы пададзеных дакумэнтаў. Як мяркуюць чыноўнікі, у сьпісах заснавальнікаў падаецца недакладная інфармацыя аб месцы жыхарства і працы, імёнах і датах народзінаў. А назва аб’яднаньня, якая ўтрымлівае ўказаньне на характар дзейнасьці (“гісторыка-асьветніцкі”), не адпавядае мэтадам дзейнасьці аб’яднаньня, вызначаным у статуце арганізацыі.

Апроч таго, ініцыятары стварэньня арганізацыі не падалі пагадненьне (рахунак-фактуру) з юрыдычным навукова-практычным часопісам “Юстыцыя Беларусі” аб апублікаваньні пасьля дзяржаўнай рэгістрацыі аб’яднаньня паведамленьня аб ягонай назьве ды іншых фармальных дадзеных, датычных дзяржрэгістрацыі. Таксама ўпраўленьне юстыцыі палічыла, што тэкст статуту, пададзены на беларускай мове, неабходна адрэдагаваць у адпаведнасьці з нормамі сучаснай беларускай літаратурнай мовы.   

У выніку калегія галоўнага ўпраўленьня юстыцыі 13 верасьня 2017 году прыняло рашэньне аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі аб’яднаньня “Хайсы”.

Праваабаронца: адмова мае палітычны аспэкт

Праваабаронца Леанід Сьвецік мяркуе, што адмова ў рэгістрацыі гісторыка-асьветніцкага грамадзкага аб’яднаньня “Хайсы” мае палітычны аспэкт. Бо сябры гэтай арганізацыі ўжо больш за тры гады займаюцца пошукамі і дасьледаваньнямі на тэрыторыі, дзе адбываліся незаконныя катаваньні савецкіх грамадзян у часы сталінскіх рэпрэсіяў. Мабыць, гэтая праца грамадзкіх актывістаў уладам не да спадобы.    

“Канечне, у рэгістрацыйных дакумэнтах маюцца пералічаныя недахопы, але гэтыя недахопы лёгка выпраўляюцца. Калегія галоўнага ўпраўленьня юстыцыі аблвыканкаму мела законнае права прыпыніць рэгістрацыю ГА “Хайсы” на адзін месяц, каб даць магчымасьць заяўнікам выправіць за гэты час усе памылкі і недахопы. Але гэтым правам орган юстыцыі не скарыстаўся. Тым самым ён пазбавіў актывістаў магчымасьці рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права – права на стварэньне грамадзкага аб’яднаньня”, - пракамэнтаваў сытуацыю з адмовай у рэгістрацыі ГА “Хайсы” віцебскі праваабаронца.

Адзначым, што актывісты-заснавальнікі абмяркоўваюць зараз магчымасьць звароту ў абласны суд, каб абскардзіць рашэньне аб адмове. Пакуль што не губляюць надзеі, што змогуць абараніць сваё законнае права на стварэньне грамадзкага аб’яднаньня падчас судовага разгляду.

Лявон Яфрэменка