Арганізатары пазыцыянавалі імпрэзу гэткім чынам: «Магчымасьць пазнаёміцца з новымі людзьмі, якія неабыякава ставяцца да Віцебску і маюць жаданьне зрабіць горад лепшым». І паведамлялі, што «нязмушаная атмасфэра сустрэч дапаможа наладзіць новыя кантакты, якія будуць карыснымі для супрацы паміж ініцыятывамі, арганізацыямі, актывістамі, органамі мясцовай улады і прыватнымі прадпрыемствамі. “Добрая нагода” праводзіцца ў фармаце грамадзкага кафэ і дазваляе весьці шчырыя і адкрытыя дыялёгі паміж усімі ўдзельнікамі. Узяць удзел у такой размове – гэта ня толькі падняць свой узровень кампэтэнцыяў і знаёмстваў».
На самым пачатку перад прысутнымі выступіў Віталь Броўка, уладальнік бару «Торвальд» і ініцыятар сустрэчы. Ён выказаў меркаваньне, што імпрэза будзе спрыяць разьвіцьцю мясцовых ініцыятываў, і актыўныя людзі, якія сюды прыйшлі, змогуць ня толькі абмеркаваць пытаньні або цікавыя ідэі, але і знайсьці сабе аднадумцаў і партнэраў.
Сярод удзельнікаў сустрэчы былі заўважаныя: прадстаўнікі апазыцыйных партыяў – сябры аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», чальцы партыі КХП-БНФ і партыі БНФ; а таксама прадстаўнікі грамадзкай арганізацыі «Залаты век» і ініцыятывы «Хайсы» (якая зусім нядаўна спрабавала атрымаць афіцыйны статус, але ўлады так і не зарэгістравалі яе), ды сябры іншых арганізацыяў.
На жаль, не было бачна толькі прадстаўнікоў мясцовай улады, хоць іх удзел і анансаваўся арганізатарамі. Ці то яны спалохаліся адкрытага дыялёгу, ці то проста ня ведалі пра сустрэчу. А шмат хто з удзельнікаў, асабліва прадстаўнікі апазыцыйных партыяў, менавіта таму і прыйшлі, каб зь імі паразмаўляць.
Сама сустрэча прайшла не зусім плённа. Выглядала, што прысутныя ня ведалі, як сябе паводзіць і што рабіць. Большасьць удзельнікаў папросту гутарылі са сваімі знаёмымі, якой-небудзь ініцыятывы не праяўлялі, ідэяў ды прапановаў не выказвалі. Толькі ўзьнятая адным з удзельнікаў праблема адсутнасьці ў горадзе роварных дарожак трохі разварушыла «актыўных грамадзянаў гораду», і яны пачалі дзяліцца меркаваньнямі наконт гэтага. Іншых ідэяў пачута не было.
Паводле задумы арганізатараў, падобныя сустрэчы павінны стаць рэгулярнымі і праходзіць у першы чацьвер кожнага месяца а 18:00 у тым самым месцы. Дык што актыўныя людзі гораду, відаць, яшчэ будуць мець магчымасьць сустрэцца і абмеркаваць розныя пляны і ініцыятывы.
https://vitebsk.dns.army/news/hramadzjanskija-inicyjatyvy/item/2535-u-vitsebskikh-aktyvistau-zyavilasya-dobraya-nagoda-dlya-sustrech#sigProIde1f6572c76
Уладзімер Бяляўскі