Улада праігнаравала магчымасьць дыялёгу з грамадзянскай супольнасьцю
Першай на форуме прамаўляла кіраўнічка Віцебскай абласной арганізацыі “Гавары праўду” Лідзія Сагідуліна. Яна адзначыла, што асноўнай задачай мерапрыемства ёсьць стварэньне дыялёгавай пляцформы паміж грамадзянскай супольнасьцю ды ўладай. Аднак, не зважаючы на запрашэньне, і дэпутаты, і прадстаўнікі выканаўчай улады ўдзелу у працы форуму не ўзялі. Між тым, як падкрэсьліла Лідзія Сагідуліна, вынікам форуму мусіць стаць выпрацоўка канкрэтных задачаў для мясцовых уладаў і канкрэтных прапановаў для стратэгічнага разьвіцьця вобласьці.
Наступнымі на сцэну Палацу чыгуначнікаў выйшлі сустаршыні “Гавары праўду” Андрэй Дзьмітрыеў і Тацяна Караткевіч. Апошняя паведаміла, што нагодай для сустрэчы стала штодзённая рэчаіснасьць, якая нараджае процьму пытаньняў да ўлады: “Якую ваду мы п'ём? Якія ў нас дарогі? У якія школы ходзяць нашы дзеці? Якое у нас мэдычнае абслугоўваньне?”
Жыцьцё ў рэгіёнах значна адрозьніваецца ад жыцьця ў сталіцы, таму яшчэ летась “Гавары праўду” заявіла, што ідзе ў рэгіёны. Цяперашняя сустрэча – гэта крок да таго, каб людзі наблізіліся да паўнавартаснага жыцьця, пачалі ўплываць на рашэньні ўлады, а тая, адпаведна, пачала ўлічваць голас грамадзкасьці. Сёньняшні форум, паводле словаў Тацяны Караткевіч, мусіць стаць вольным мікрафонам, які агучыць спадзяваньні грамадзтва.
“Сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады паказваюць, што актыўнае грамадзтва не адгукаецца на аўтарытарны тып кіраваньня, яно прагне павагі. Яно хоча быць саўдзельнікам пераўтварэньняў, хаця большасьць грамадзтва па-ранейшаму інэртнае. Каб зьмяніць сытуацыю, каб жыцьцё вакол нас зьмянялася, патрэбны дыялёг. Вось чаму мы тут сёньня сабраліся. Наша жыцьцё і палітыка мусяць быць прадказальнымі, каб можна было будаваць пляны на будучыню. Другое, што мусіць быць, – гэта тое, каб гэтае ўзаемадзеяньне дапамагала вырашаць праблемы. Таму сёньня мы хочам паказаць, што наш голас – істотны, істотны для разьвіцьця мясцовага самакіраваньня”, – зазначыла Тацяна Караткевіч.
Андрэй Дзьмітрыеў пачаў з заявы, што найгалоўнейшай каштоўнасьцю Беларусі ёсьць людзі. Але людзі пакуль не прызвычаіліся да неабходнасьці абмяркоўваць праблемы і абмяркоўваць будучыню. Толькі праз дыялёг рэгіёны могуць стаць крыніцамі росту, а не крыніцамі праблемаў, якія не вырашаюцца дзесяцігодзьдзямі.
“Дзе ўзяць працу ў вобласьці?”
Выступ эканаміста-аналітыка Сяргея Чалага тычыўся эканамічных пытаньняў, актуальных для ўсёй краіны. Гэты выступ выклікаў і большасьць пытаньняў з боку прысутных у залі.
Паводле ягоных словаў, на сёньняшні дзень асноўнай праблемай беларускай эканомікі зьяўляюцца нерэфармаваныя старыя савецкія прадпрыемствы, якія жывуць толькі дзякуючы датацыям, спажываючы рэсурсы ўсёй астатняй эканомікі. І трэба ўсьвядоміць, што бязь іх рэфармаваньня казаць пра рэфармаваньне ўсёй беларускай эканомікі не выпадае наогул.
Якія галіны Беларусь мусіць разьвіваць перш за ўсё? Ёсьць у эканоміцы разьвіцьця такое паняцьце, як “плод, што вісіць нізка”, – гэта тая галіна вытворчасьці, якая яшчэ не разьвітая, але якая мае добры патэнцыял і блізкая да эканамічнай сытуацыі, што існуе ў пэўным рэгіёне. Сьпіс такіх вытворчасьцяў быў апублікаваны ў Беларусі недзе ў 2010 годзе. Цяпер існуе яго новая пашыраная вэрсія, дзе дзьве траціны пазыцыяў засталіся бязь зьменаў. Аднак у нашым эканамічным асяродзьдзі нават наяўнасьць пераліку “пладоў, што вісяць нізка”, не дае гарантыі іх запатрабаванасьці.
Уся лёгіка ўраду, якая, паводле іх меркаваньня, скіраваная па паляпшэньне сытуацыі, вельмі нагадвае лёгіку савецкіх часоў. Маўляў, а давайце пабудуем нейкую асобную зону з асобнымі правіламі, зробім паслабленьні. Гэта ўсё нагадвае савецкія шарашкі. На жаль, фундамэнтальная праблема ўраду палягае ў тым, што ён падыходзіць да вырашэньня эканамічных пытаньняў не праз стварэньне роўных правоў для ўсіх, а праз стварэньне прывілеяў для асобных людзей.
Калі паспрабаваць неяк абагульніць сказанае эканамічным аналітыкам, то яго думка зводзіцца да таго, што без структурных пераўтварэньняў у эканоміцы ніякага паляпшэньня дабрабыту насельніцтва немагчымае.
“Як зрабіць жыцьцё ў рэгіёнах зручным?”
Удзел у абмеркаваньні гэтага пытаньня ўзьнялі дырэктарка Цэнтру ўрбаністычных праектаў і ініцыятываў “Прастора” Аксана Кузіна, грамадзкая актывістка з Бешанковічаў Алена Качан ды Тацяна Караткевіч, якая выступіла ў ролі мадэратара.
Аксана Кузіна казала пра сучасныя ўрбаністычныя падыходы ў арганізацыі гарадзкой прасторы. Галоўным у гэтай працы яна лічыць магчымасьць дамаўляцца паміж грамадзянскай супольнасьцю, уладай і бізнэсам. Гэта вялікая праца, якую ўлада часта ігнаруе. Яна ня хоча праводзіць апытаньні і дасьледаваньні грамадзкай думкі адносна рэалізацыі сваіх плянаў.
Алена Качан распавяла пра тое, як бешанковіцкія месьцічы выступілі супраць заганнай практыкі ўладаў адключаць гарачую ваду на летні пэрыяд і дамагліся свайго – сёлета людзі атрымлівалі ваду безь перапынку.
“Як вырашаць праблемы разам?”
У трэцяй панэльнай дыскусіі размова ішла пра супрацу мясцовых уладаў і грамадзянскіх ініцыятываў. Сваім досьведам узаемадзеяньня з уладамі падзяліліся Тацяна Караткевіч, Андрэй Дзьмітрыеў, Лідзія Сагідуліна і праваабаронца Павал Левінаў. Апошні, як сябра Беларускага Хэльсынскага Камітэту, распавёў аўдыторыі пра працу сваёй арганізацыі. Было адзначана, што прававыя маніторынгі, якія праводзяцца арганізацыяй у вобласьці, робяцца найперш для ўлады, дзеля выпраўленьня наяўных хібаў. Аднак, як паказвае практыка, улада на кантакт ідзе неахвотна. Зрэшты, гэта не адзіная магчымасьць зносінаў з прадстаўнікамі дзяржавы: ёсьць і асабістыя прыёмы, і звароты да розных галінаў улады, і іншыя віды ўзаемадзеяньня.
Трэба адзначыць, што праца форуму прайшла пры актыўным удзеле залі. Людзі праз вольны мікрафон мелі магчымасьць наўпрост звярнуцца да яго арганізатараў і ўдзельнікаў.
https://vitebsk.dns.army/news/hramadzjanskija-inicyjatyvy/item/2570-u-vitsebsku-prajshou-forum-regiyanalnaga-razvitstsya#sigProId9de1b84dfe
С. Горкі