Як сказала на самым пачатку дыскусіі Яўгенія Пачопка, мэнэджэр Рэгіянальнага рэсурснага цэнтру, «нават калі вы зарэгіструеце масавае мерапрыемства і знойдзеце публічную прастору для яго правядзеньня, то вам усё адно ніяк не абысьціся без валянтэраў». Але як іх знайсьці, утрымаць і максымальна эфэктыўна выкарыстаць?
На гэтыя пытаньні і паспрабавалі знайсьці адказы ўдзельнікі сустрэчы.
Гэтым разам у якасьці экспэртаў былі запрошаныя Вольга Яфрэмава і Юлія Буевіч, якія прадстаўлялі «Жывую бібліятэку» – нефармальную размову, дзе замест кніг выступаюць жывыя людзі зь цікавым і незвычайным жыцьцёвым досьведам; Станіслава Цярэнцьева і Лада Маханькова з YMCA Беларусі – грамадзкай арганізацыі «Хрысьціянская садружнасьць дарослых і маладых»; і Вольга Бізікова, кіраўніца Чырвонага Крыжа Віцебскага раёну.
Больш за ўсё прысутных цікавіла, якім чынам можна знайсьці валянтэраў пад тую ці іншую дзейнасьць.
І кожны сьпікер падзяліўся сваім унікальным досьведам пошуку такіх людзей.
«Жывая бібліятэка» шукае іх у асноўным праз сацыяльныя сеткі ў розных тэматычных суполках, пакідаючы там адпаведную інфармацыю, а таксама непасрэдна на саміх масавых мерапрыемствах, якія арганізуе.
У Чырвонага Крыжа на сайце ёсьць адмысловы разьдзел пра валянтэрства і адпаведная анкета. Акрамя таго, некаторыя людзі, якім арганізацыя аказвала дапамогу, у далейшым самі ўключаюцца ў яе дзейнасьць. Яшчэ наладжаная праца з сацыяльнымі цэнтрамі, адкуль таксама прыходзяць шмат добраахвотнікаў, у асноўным пэнсіянэры.
YMCA Беларусі арганізуе адукацыйныя сэмінары для школьнікаў на тэму роўнасьці і талерантнасьці, і большасьць валянтэраў прыйшлі менавіта празь іх. Саміх жа школьнікаў запрашаюць на сэмінары, выкарыстоўваючы цесныя кантакты з адміністрацыямі школаў.
Важнай задачай для арганізацыяў, што прыцягваюць добраахвотнікаў, зьяўляецца не толькі іх пошук, але і матывацыя. І тут таксама ў кожнага свае «сакрэты». Хтосьці сьвяткуе Дзень валянтэра з уручэньнем граматаў, хтосьці арганізуе для іх замежныя паездкі для абмену досьведам, ну а хтосьці праводзіць розныя навучальныя трэнінгі і сэмінары.
Напрыканцы сустрэчы прадстаўнікі «Жывой бібліятэкі» і YMCA прапанавалі падзяліцца сваімі валянтэрамі, вядома, пры іх жаданьні, з усімі, каму яны могуць быць неабходныя ў працэсе рэалізацыі якога-небудзь дабрачыннага праекту.
https://vitebsk.dns.army/news/hramadzjanskija-inicyjatyvy/item/2687-lyudzi-dobraj-voli-khto-yany-i-yak-ikh-shukats#sigProId1382e62db1
Уладзімер Бяляўскі