У кастрычніку 2014 году пра даваенныя пахаваньні рэпрэсаваных у лесе ля вёскі Хайсы даведалася ўся краіна. Ганебныя падзеі мінулага, пра якія даўно ведалі мясцовыя жыхары, сталі прадметам галоснасьці. З таго часу мінула амаль чатыры гады, але ўлада па-ранейшаму адмаўляецца прызнаваць забітых ахвярамі сталінскага рэжыму.
Адзінае, што застаецца прадстаўнікам грамадзянскай супольнасьці, – рабіць сваю справу па ўшанаваньні памяці нявінна забітых беларусаў. Таму 21 жніўня грамадзкія актывісты і сваякі рэпрэсаваных прыйшлі ў хайсоўскі лес, каб ускласьці кветкі да памінальных крыжоў і нагадаць грамадзтву пра ахвяраў дзяржаўнага тэрору.
Старшыня грамадзянскай ініцыятывы «Хайсы» Ян Дзяржаўцаў патлумачыў:
– Сёньня мы прыйшлі сюды, каб ушанаваць іх сьветлую памяць.Ускласьці кветкі. Сваімі ўчынкамі мы дэманструем, што ставімся да рэпрэсаваных ня як да ворагаў народу, а як да бязьвінна пацярпелых пад час сталінскага тэрору. У гэтыя дні мы штогод прыяжджаем сюды. Ва ўрочышчы лякалізаваныя тры месцы, дзе мы паставілі крыжы. Улады адмаўляюцца прызнаваць, што іх папярэднікі расстралялі тут бязьвінных людзей, але ад сьведчаньняў мясцовых жыхароў нікуды не падзецца. Мы іх разумеем: яны – нашчадкі той злачыннай савецкай улады. І як ім прызнацца, што іхныя папярэднікі былі злачынцамі?
Рэдка якую беларускую сям'ю абмінула навала сталінскіх рэпрэсіяў. І дасюль сваякі рэпрэсаваных шукаюць месцы іх магчымых пахаваньняў. Гэтым разам урочышча Хайсы наведаў Анатоль Давыдовіч – унук расстралянага ў Віцебскай турме Антона Давыдовіча 1886 году нараджэньня, жыхара Шумілінскага раёну. Як найстарэйшы ў сям'і, ён палічыў за свой абавязак даведацца пра лёс дзеда, разам зь якім у той дзень, 13 ліпеня 1938 году, расстралялі яшчэ 76 чалавек.
Анатоль Давыдовіч празь сьлёзы кажа:
– Закапаць такую колькасьць людзей недзе ў Віцебску немагчыма. Я мяркую, што яны мусяць ляжаць недзе недалёка ад гораду, у лесе. Зараз у мяне ідзе ліставаньне з КДБ гораду Віцебску. Каб прачытаць справу свайго дзеда, я мушу дакумэнтальна даказаць тое, што я ўнук свайго дзеда, а мой бацька – ягоны сын. Усе старэйшыя за мяне родныя памерлі. І адзінае, што ўдалося адшукаць, – мэтрыкі майго роднага дзядзькі. Цяпер трэба давесьці, што мой бацька і дзядзька – родныя браты.
З расповедаў бацькі я даведаўся, што дзеда забралі па надуманым абвінавачваньні. Ён быў калгасьнікам і недзе публічна заявіў, каб старшыня калгасу вярнуў калгасны ровар. Старшыня ровар не вярнуў, а дзеда ўначы забралі.
У 1959 годзе бабуля дамаглася, каб дзеда рэабілітавалі.
Сёньня прыехаў паглядзець на імавернае месца дзедавага пахаваньня.
Больш як дзьве гадзіны спатрэбілася актывістам, каб абысьці ўсе месцы, ушанаваныя апошнімі гадамі, ускласьці кветкі, прыгадаць гісторыі, зьвязаныя з канкрэтнымі людзьмі, імёны якіх удалося вярнуць зь нябыту. Ля магілаў – памятныя крыжы, ля крыжоў – кветкі, але ня толькі: дзе-нідзе дасюль валяецца ў лесе абутак рэпрэсаваных і дробныя фрагмэнты чалавечага шкілету, якія не прыбралі вайскоўцы 52-га пошукавага батальёну.
https://vitebsk.dns.army/news/hramadzjanskija-inicyjatyvy/item/2886-u-vitsebskikh-kurapatakh-gramadzkasts-ushanavala-akhvyarau-dzyarzhaunaga-teroru#sigProIdcb24e747e0
С. Горкі