«Сябры, вы памятаеце «Жывемaбiль» ці «Жывебус», які ўвайшоў у гісторыю Віцебску. Гэта пафарбаваны ў нашыя любімыя бела-чырвоныя колеры мікрааўтобус, які натхняў гараджан выходзіць на вуліцы гораду і дэманстраваць сваю нязгоду з тым, што адбываецца ў краіне», – нагадваюць ініцыятары збору сродкаў.
Старэнькі мікрааўтобус «Фольксваген» у бел-чырвона-белай расфарбоўцы запомніўся віцяблянам падчас мірных шэсцяў, якія праходзілі ў горадзе пасля прэзідэнцкіх выбараў. Звярнулі на яго ўвагу і супрацоўнікі праваахоўных органаў.
Упершыню прадпрымальнік Андрэй Кулакоў выехаў на гэтым аўтамабілі 16 жніўня на «Марш свабоды». У гэты ж дзень ён быў першы раз аштрафаваны за адсутнасць тэхагляду. 18 жніўня выехаў у другі раз. А ўжо 20 жніўня «Жывемaбiль» быў канфіскаваны за аварыю з машынай ДАІ. Як лічыць Андрэй, здарэнне тое было спецыяльна справакаванае супрацоўнікамі міліцыі.
І Андрэй зрабіў новы «Жывемaбiль». Але і ён праездзіў нядоўга. На пачатку верасня аўто быў спынілі супрацоўнікамі міліцыі і затрымалі яго. За стырном тады знаходзіўся сябра Андрэя. Як патлумачылі ў РАУС, аўтамабіль забралі для праверкі VIN–нумару і правядзення экспертызы. Абяцалі неўзабаве вярнуць. Але не вярнулі дагэтуль.
«За ўвесь гэты час мне ніводнай паперкі не прыйшло з нагоды арышту машын – ні наконт першай, ні другой. Як толькі пра гэта заходзіла гаворка, яны тут жа пачыналі ігнараваць тэму», – кажа Андрэй.
Каб неяк развязаць гэтае пытанне, ён хадзіў на прыём да начальніка Першамайскага РАУС, які абяцаў разабрацца. «У выніку я дамогся толькі таго, што з аднаго бусу аддалі асабістыя рэчы. Але афіцыйных папер зноў ніякіх не далі», – тлумачыць Андрэй.
«Таму мы анансуем збор грошай на новы «Жывемaбiль», які, як мы ўпэўненыя, зноў падыме наш баявы дух і дапаможа вярнуць тыя прыемныя ўспаміны адзінства, якія мы перажывалі на вуліцах Віцебску», – запэўніваюць арганізатары збору.
Уладзімір Бяляўскі