Аўторак, 10 Жнівень 2021

Ліквідуюць віцебскую «Прастору» – цэнтр урбаністычных праектаў і ініцыятыў

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)

Ад 14 ліпеня 2021 году ўлады распачалі ліквідацыю культурна-асветніцкай установы «Цэнтр урбаністычных праектаў і ініцыятыў «Прастора». Гэтае грамадскае аб'яднанне было зарэгістраванае ў якасці юрыдычнай асобы ў студзені 2016 году ў Віцебскім раёне. Называецца і прычына закрыцця ўстановы: «Неажыццяўленне камерцыйнай арганізацыяй прадпрымальніцкай дзейнасці на працягу дваццаці чатырох месяцаў запар».

За больш пяцігадовы перыяд свайго існавання «Прастора» ператварылася ў вядучае грамадскае аб'яднанне Віцебску, якое прадуктыўна працавала ў сферы ўрбаністыкі. Нагадаем хаця б пра праект «Устойлівае гарадское кіраванне: практыкі партнёрства». Ён быў накіраваны на абʼяднанне намаганняў гарадскога ўпраўлення і экспертных арганізацый, прадстаўнікоў рабочай групы ініцыятывы «Пагадненне мэраў у Віцебску» і іншых зацікаўленых супольнасцяў.

Да таго ж гэты праект быў зарэгістраваны ў Дэпартаменце па гуманітарнай дзейнасці Ўпраўлення справамі Прэзідэнта РБ, і яму было прысвоена пасведчанне ад 24.11.2020 №13-08 / 155.

Магчыма, прычынай ліквідацыі «Прасторы» стала тое, што партнёрам у праекце было германскае Таварыства па міжнародным супрацоўніцтве, а фінансаваў яго, у межах падтрымкі Беларусі, Дортмундскі міжнародны адукацыйны цэнтр па даручэнні Федэральнага міністэрства эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця.

«Мы застаемся супольнасцю экспертаў і журналістаў, арт-куратараў і дызайнераў, урбаністаў і архітэктараў, якія змяняюць культурныя і прасторавыя ландшафты гарадоў Беларусі!» - напісалі віцебскія ўрбаністы.

Лявон Яфрэменка