У байкерскім асяродку Алег Усціновіч вядомы пад мянушкай «Леший». Ён кіруе адгалінаваннем расейскага клубу байкераў «Ночные волки», і праводзіць на ўласнай сядзібе «Moto Rezervation» фэсты «Мотоудар», прысвечаныя знакавым падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Пры гэтым ён з’яўляецца ідэйным прыхільнікам аднаўлення Савецкага Саюзу і не хавае таго, што карыстаецца падтрымкай прарасейскіх грамадскіх арганізацый.
У клубе «Спарта», якім кіруе Алег Усціновіч, стаўшы пераемнікам адстаўнога вайскоўца Алега Шумкова, дзяцей і падлеткаў навучаюць адзінаборствам і абыходжаннем са зброяй. У 2016г. у інтэрнэце з’явіўся відэаролік пра тое, як удзельнікі «Спарты» на заклік Алега Шумкова збіралі гуманітарную дапамогу для «прекрасной Новороссии» і перадавалі прывітанне баевікам, якія «мочат укров как надо».
Удзельникаў «Спарты» і байкерскага клубу мясцовае кіраўніцтва актыўна прыцягвае да грамадскіх мерапрыемстваў, кшталту святкавання Дня Перамогі: падлеткі стаяць у пачэснай варце каля помнікаў, байкеры ўдзельнічаюць у парадах асобнай калонай. Цяпер байкера Алега Усціновіча, патрыёта колішняга СССР і правадніка «русского мира», запрашаюць выступаць перад школьнікамі.
Ірына Бярозка