26 студзеня 2015 году Ян і Аляксандар Дзяржаўцавы, Алега Емяльянаў, Пятро Сарапеня і Аляксей Леаненкаў зьвярнуліся з заявай у Сьледчы камітэт па Віцебскім раёне з просьбай паведаміць ім пра факт вяртаньня чалавечых парэшткаў, знойдзеных блізу вёскі Хайсы і пазьней адпраўленых на мэдыка-крыміналістычную экспэртызу ў Менск, але атрымалі афіцыйную адмову за подпісам начальніка Віцебскага раённага аддзелу СК РБ А. Ларкіна.
Не пагадзіўшыся з гэткім самаўпраўствам, 25 лютага грамадзкія актывісты падалі старшыню СК па Віцебскай вобласьці скаргу на супрацьпраўнае рашэньне начальніка Віцебскага раённага аддзелу СК РБ. У скарзе заяўнікі зьвярнулі ўвагу на тое, што адмова СК закранае іхныя інтарэсы, бо пасьля вяртаньня парэшткаў яны маюць намер узяць удзел “у пахавальным працэсе згодна з хрысьціянскім абрадам”.
Напрыканцы сакавіка заяўнікі атрымалі адказ з Упраўленьня Сьледчага камітэту РБ па Віцебскай вобласьці за подпісам намесьніка начальніка ўпраўленьня Ігара Мяцеліцы. Як паведамляецца ў адказе, падчас праверкі высветлена, што па “выніках праверкі старшым сьледчым першага сьледчага аддзяленьня Віцебскага РА СК (без пазначэньня прозьвішча) вынесеная пастанова пра адмову ва ўзбуджэньні крымінальнай справы на падставе п.2 ч.1 артыкулу 29 КПК Рэспублікі Беларусь”. Аднак у сувязі з тым, што праверка была праведзеная ня поўнасьцю, упраўленьне працэсуальнага кантролю СК адмяніла вышэйзгаданую пастанову, а “матэрыял з указаньнямі накіраваны начальніку Віцебскага РА СК для арганізацыі правядзеньня дадатковай праверкі”.
Але самае галоўнае: заяўнікам удалося дамагчыся таго, што яны патрабавалі ў сваёй першай заяве, напісанай у студзені. Як пазначана ў адказе: “Пра вынікі (праверкі) Вы будзеце дадаткова апавешчаны Віцебскім РА СК, у тым ліку і аб прыняцьці рашэньня пра пахаваньне”.
Гэткім чынам віцебскія актывісты ўжо не ў першы раз даказалі: іхная грамадзянская пазыцыя, настойлівасьць і чалавечая неабыякавасьць дапамагаюць у адстойваньні сваіх правоў.