Віцебскія сябры партыі БНФ патрабуюць аднаўленьня помнікаў у Смалянах
Старшыня абласной арганізацыі партыі БНФ Леанід Аўтухоў зьвярнуўся да старшыні аблвыканкаму Аляксандра Косінца са скаргай на дзеяньні адказных асобаў, якія дапусьцілі руйнаваньне гістарычнага будынку ў вёсцы Смаляны Аршанскага раёну. У скарзе ёсьць і канкрэтныя прапановы, як зрабіць гэтую вёску «турыстычнай Мэкай усходняй Беларусі». Для гэтага ёсьць усе падставы, бо «колькасьць і каштоўнасьць помнікаў у Смалянах нават большая, чымсьці ў такіх турыстычных цэнтрах краіны, як Мір і Нясьвіж», піша Леанід Аўтухоў. Таму партыйцы просяць «неадкладна прыняць праграму па ахове і рэстаўрацыі ўсіх помнікаў, што знаходзяцца ў Смалянах і правесьці археалягічныя дасьледаваньні комплексу дамініканскага кляштару ў Смалянах з абавязковым прыцягненьнем адмыслоўцаў Акадэміі навук».
У Віцебску распачала працу “Школа мадэрнізацыі”
Навучаньне арганізаванае намаганьнямі актывістаў руху “За свабоду” на базе мясцовага Эўраклюбу. Дзейнасьць школы ў Віцебску каардынуе Юры Нагорны. Першыя заняткі правеў палітоляг Юры Чавусаў. Да працы ў школе будуць запрашацца экспэрты ў галіне мясцовага самакіраваньня, рыначнай эканомікі, правазнаўства, працы СМІ, грамадзянскай супольнасьці, рэформаў ЖКГ, адукацыі, аховы здароўя, сацыяльнай абароны.
Барыс Хамайда перапісваў Біблію
Беларусы далучаюцца да грамадзянскай акцыі. Жаданьне перапісваць фрагмэнты Бібліі ад рукі выказваюць жыхары розных рэгіёнаў краіны. Да Рыгора Барадуліна, Алеся Сёмухі-Грынберга, Сяргея Антончыка і іншых далучыўся Барыс Хамайда. Вызначаную частку Бібліі актывіст перапісваў у цэнтры Віцебску.
БХД займаецца вулічным асьвятленьнем
У Гарадку сябры аргкамітэту БХД у межах кампаніі “Рада народных дэпутатаў” дамагліся асьвятленьня вуліц. Як паведаміла актывістка Алена Дайнека, не было асьвятленьня на ўчастку вуліцы Баграмяна, за які адказнае кіраўніцтва мясцовага Аграрна-тэхнічнага каледжу. Адсутнасьць асьвятленьня спрычынілася да траўмаў у мінакоў. Да таго ж у цемры сталіся частымі бойкі паміж маладзёнамі. На ўсе звароты гарадчукоў наконт гэтага пытаньня кіраўніцтва каледжу заяўляла пра адсутнасьць лямпачак. Аднак, калі жыхары Гарадку сказалі, што зьвернуцца ў райвыканкам, лямпачкі адразу знайшліся, і сьвятло зьявілася.