Серада, 15 Кастрычнік 2025

КБ «Дисплей» занепакоена перспектывай будаўніцтва аквапарка ў Віцебску

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Прапановы пабудаваць у абласным цэнтры аквапарк гучаць ужо не адно дзесяцігоддзе. Але сёлета справа нибыта ўжо зрушылася з месца: інвестары ўжо выкупілі два корпусы былога тэлезавода “Віцязь”, і ўжо створаны праект “шматфункцыянальнага комплекса з аквапаркам”. Праўда, гэты праект усе перарабляюць і перарабляюць. Апошні раз – у сувязі з апасеннямі Канструктарскага бюро «Дисплей», якое працуе на “абаронку” і вырабляе ў тым ліку авіяцыйныя дысплеі і ЭВМ спецыяльнага прызначэння.

Будынак, дзе месціцца «Дисплей» , зусім побач ад тых завадскіх карпусоў, якія перарабляюць на аквапарк. Таму праект мусілі дапоўніць агароджай, магчыма, будуць і зацемненыя вокны, праз якія немагчыма “шпіёніць” за працай каструктарскага бюро. Там, у сваю чаргу, таксама рыхтуюцца да “абароны” – ставяць шчыльныя жалюзі на вокны і плануюць іншыя захады бяспекі.

Справа ў тым, што віцебскі аквапарк плануюць збудаваць як цэлы комплекс пад гучнай назвай “Круіз”, дзе будуць і гатэль, і каворкінг-цэнтр, і   фудкорт з рэстарацыяй. Плануецца, што сюды масава паедуць турысты, найперш з бліжэйшых расійскіх гарадоў.

Некалі аквапарк планавалі зрабіць у Палацы водных відаў спорту – пра гэта вялося яшчэ ў 2014 годзе. Потым планы сталі менш амбітнымі:  палац так і не не пабудавалі, і ў 2020-м годзе аквапарк збіраліся размясціць у раёне вуліцы Труда. У 2024-м – загаварылі пра аквапарк у парку 1000-годдзя Віцебска. У 2025-м прагучалі абяцанні наконт комплекса “Круіз” і  пра тое, што яго ўзвядуць за 3-4 гады. Але пакуль не ўсё вырашана нават з праектам, які ўвесь час удасканальваюць.

Віктар Баландзін