Чацвер, 19 Чэрвень 2025

Будаўніцтва аквапарка ў Віцебску зноў адкладаецца

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Прапановы пабудаваць у абласным цэнтры аквапарк гучаць ужо не адно дзесяцігоддзе. І не адно дзесяцігоддзе розныя кіраўнікі горада і вобласці абяцаюць віцяблянам выканаць “пажаданні народа”. Яшчэ зусім нядаўна мясцовыя дзяржСМІ публікавалі аповеды пра тое, што справа ўжо зрушылася з месца: маўляў, інвестары ўжо выкупілі два корпусы былога тэлезавода “Віцязь”, і гатовы праект “шматфункцыянальнага комплекса з аквапаркам”.

Праектныя матэрыялы былі апублікаваныя. Але, як цяпер высветляецца, у іх патрэбуюцца  істотныя змены. Інакш кажучы, праект  комплекса пад гучнай назвай “Круіз” адпраўлены на дапрацоўку.  

Па выніках грамадскага абмеркавання з улікам думкі адмыслоўцаў архітэктурна-горадабудаўнічай рады было прызнана, што засталіся няўзгодненымі пытанні з санітарна-абароннай зоны аб’екта - бо ў суседніх карпусах ідуць вытворчыя працэсы. А таксама патрэбна ўзгадненне , што да распрацоўкі праекта суседняга жылога квартала па вуліцы Новааршанскай.

Колькі часу можа пайсці на ліквідацыю недахопаў праекта, віцяблянам не паведламляюць.  Яшчэ нядаўна старшыня гарвыканкама Аляксей Героеў абяцаў  , што  новы аб'ект мае быць збудаваным за пару гадоў, потым загаварылі пра перспектывы на 3-4 гады. А гэта не вельмі натхняе жыхароў Віцебску, бо абяцанні аквапарка ўжо і так налічваюць дзесятак гадоў.

Першае з іх прагучала ў 2014-м: тады ў абласным цэнтры абяцалі збудаваць цэлы Палац водных відаў спорта. Але не выйшла. У 2020-м годзе аквапарк збіраліся размясціць у раёне вуліцы Труда, у 2024-м – загаварылі пра аквапарк у парку 1000-годдзя Віцебска.  Сёлетнія абяцанні выглядалі ўжо больш рэальнымі, бо гараджанам паказалі матэрыялы праекта. Як цяпер высветлілася, яны вымагаюць паправак.

Маргарыта Мелехава