Серада, 14 Красавік 2021

Камітэт па правах чалавека: права віцебчука было парушанае

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)

Камітэт па правах чалавека ААН устанавіў факт парушэння беларускай дзяржавай права жыхара Віцебскага раёну Леаніда Здрэстава на распаўсюд інфармацыі. Камітэт прапанаваў Беларусі прыняць адпаведныя меры для прадастаўлення Здрэставу адэкватнай кампенсацыі і кампенсацыі яго судовых выдаткаў, а таксама прыняць меры для прадухілення падобных парушэнняў у будучыні.

15 ліпеня 2013 гады жыхар Віцебскага раёна Леанід Здрэстаў падаў заяву на правядзенне 17 і 18 жніўня 2013 года адзіночнага пікету ў Віцебскім парку Савецкай Арміі з мэтай інфармавання жыхароў горада аб сістэматычным парушэнні яго правоў рознымі дзяржаўнымі органамі. Аднак улады забаранілі праводзіць пікеты на той падставе, што ён не прыклаў да сваёй заявы дамоваў з адпаведнымі службамі па падтрыманні грамадскага парадку і прадастаўленні медычных паслуг падчас мерапрыемстваў і па прыборцы тэрыторыі пасля правядзення пікетаў.

Прайшоўшы ўсе судовыя інстанцыі і не дамогшыся ў іх належнай абароны свайго права на распаўсюд інфармацыі, аўтар скаргі звярнуўся ў Камітэт.

Цягам чатырох гадоў ішла перапіска, у якой кожны з бакоў спрабаваў даказаць сваю правату. Дзяржава настойвала на тым, што правы Здрэстава не былі парушаныя і прасіла не рэгістраваць ягоную скаргу, а Здрэстаў абгрунтавана сцвярджаў пра парушанае права публічна распаўсюджваць крытычную інфармацыю. Відаць, аргументы Леаніда былі больш пераканаўчымі, і Камітэт прыняў рашэнне на яго карысць.

Акрамя прызнання беларускай дзяржавы парушальнікам права Леаніда Здрэстава на свабоду слова, КПЧ прапанаваў ураду перагледзець заканадаўчую базу ў адпаведнасці са сваім абавязкам перад міжнароднымі праваабарончамі арганізацыямі.

У прыватнасці, перагледзець рашэнне №881 Віцебскага гарвыканкаму і артыкулы Закону аб масавых мерапрыемствах і прывесці іх у адпаведнасць міжнародным стандартам з мэтай забеспячэння права грамадзян на свабоду слова і мірныя сходы.

З нагоды чарговага рашэння Камітэту віцебскі праваабаронца Леанід Свецік заўважыў, што гэта не першае і, вядома ж, не апошняе рашэнне Камітэту па правах чалавека ў скаргах віцебскіх грамадзянскіх і палітычных актывістаў. Ён выказаў надзею, што ўлады перагледзяць нарматыўна-прававыя акты для спрашчэння працэдур атрымання дазволу на правядзенне масавых мерапрыемстваў і сходаў грамадзян у Віцебскім рэгіёне.

Лявон Яфрэменка