Перад пачаткам Вялікага посту на сьвяце можна было ўдосталь нацешыцца разнастайнасьцю народных страваў, прыгатаваных на тваіх вачох беларускімі і летувіскімі майстрамі. З полымя, з жару: налісьнікі, дранікі, духмянае мяса, каўбаскі і бульба з пахам дымка на сьвежым паветры разьляталіся ўмомант.
І хаця ў нядзелю летувіскія кухары ня ладзілі ніякіх кулінарных шоў, наведвальнікаў побач зь іх павільёнам было многа. І што цешыла асабліва: нягледзячы на іх расейскую мову, памыліцца ў іх нацыянальнай прыналежнасьці было амаль немагчыма. Яна выяўлялася і ў нацыянальнай вопратцы, і ў кулінарным посудзе, і ў манеры трымацца, і нават у манеры аздабленьня столікаў... Ёсьць чаму павучыцца!
Разьвітаўшыся зь зімой і правёўшы Дзеда Мароза на заслужаны сэзонны адпачынак, месьцічы гукнулі вясну і яна, крыху счакаўшы для прыстойнасьці, пад гукі песенькі да ўсеагульнага задавалення выйшла на сцэну ў зялёным убраньні і зь вянком на галаве.
Ня ведаю, чым думалі арганізатары гэтага шоў, але асабіста мне было непрыемна, калі беларуская вясна, маладая і гарэзьлівая, выйшла да людзей пад песеньку «Журчат ручьи» Любові Арловай з кінафільму «Вясна ў Маскве» 1947 году. Такія рэпэртуарныя ляпсусы і эпізадычнасьць ужываньня беларускай мовы зводзілі да мінімуму ўзровень нацыянальнага калярыту і зусім не спрыялі росту нацыянальнай самасьвядомасьці.
Акрамя жанчын і мужчын у народных беларускіх строях, парадавалі ў гэты дзень сваёй непаўторнай аўтэнтычнасьцю і ўдзельнікі двух клюбаў гістарычнай рэканструкцыі і мадэляваньня «Нагльфар» і «Хальвіль». Менавіта пад іх надзейнай аховай пудзіла Масьленіцы правялі да месца рытуальнага спаленьня, дзе пад ухвальныя воклічы прысутных і было ўчыненае гэтае містычнае дзейства.
С. Горкі
https://vitebsk.dns.army/news/kulturnyja-pravy/item/19-narodnyya-zabavy-vitsebsku-skonchylisya-spalvannem-salamyanaga-pudzila-maslenitsy#sigProIda28897c4fc