Сёлетні фэст таксама сабраў гасьцей з Шаркоўшчыны, Лужкоў, Глыбокага, Браслава, Менску, прыехалі госьці з розных вёсак Шаркоўшчынскага раёну.
– Тут вельмі цікава, тут можна пачуць наша роднае беларускае слова, тут можна пачуць нашы родныя беларускія песьні, пабачыць нашы родныя беларускія танцы, тут шмат сяброў, тут можна пазнаёміцца зь цікавымі людзьмі. На мой погляд, гэта вельмі цікавая імпрэза, – кажа Надзея Вайцюль, якая прыехала зь вёскі Каўшэлева.
Прычым прыехала ня як госьця, а як самая актыўная ўдзельніца сьвята. І не адна, а разам са сваімі сябрамі.
Выступіў на фэсьце і бард з Браслава Леанід Лаўрыновіч. З Адай Райчонак ён пазнаёміўся нядаўна, але ў Германавічы прыехаў у гэтым годзе ўжо ў другі раз. Ён адзначыў, што яму прыемна знаходзіцца побач зь людзьмі, якія любяць і цэняць роднае слова:
– Мне наогул вельмі прыемна сюды прыяжджаць, бо тут большасьць людзей, калі ня ўсе, размаўляюць на роднай мове. Гэта вельмі прыемна, бо шкада, што нашай роднай мовы гучыць у жыцьці неяк малавата.
Бульба вядомая ў Беларусі адносна нядаўна, яшчэ не мінула і дзьвесьце гадоў, як яна распаўсюдзілася на нашых землях. Але беларусы адразу палюбілі гэту культуру і цяпер не ўяўляюць свайго жыцьця бяз бульбы. Таму Ада Райчонак і вырашыла праводзіць сьвяты, прысьвечаныя беларускаму «другому хлебу», як у нас называюць бульбу:
– Вельмі шмат твораў пра бульбу ёсьць, і песьні пра бульбу, і вершы пра бульбу. Барадулін вельмі шмат вершаў прысьвяціў бульбе, і Пімен Панчанка, і шмат іншых пісьменьнікаў і паэтаў.
І што цікава, мы першыя пачалі гэту справу – бульбяныя фэсты. А ўжо потым, гляджу, шмат дзе яны сталі зьяўляцца. Але мы былі першаадкрывальнікамі.
– Яна заўсёды ратавала людзей, нават у самыя цяжкія хвіліны, калі не было чаго есьці. І цяпер мы не ўяўляем сабе жыцьця бяз бульбы, стол бяз бульбы. Гэта наша найпершая страва, нават перш чым хлеб. Калі ёсьць бульба, то ёсьць усё, мы сытыя, здаровыя. І вясёлыя, – працягвае думку Ады Эльеўны Надзея Вайцюль.
За тое, што беларусы так любяць бульбу, нашы суседзі называюць нас бульбашамі. Ці крыўдная гэтая мянушка, мы спыталі ў вядоўцы фэсту Алёны Лапацкай:
– Крышку так. Мы называем бульбу другім хлебам, але на гэты другі хлеб мы ўзьбіліся таму, што ў нас не хапала першага. І бульбаш – гэта нешта такое трохі прыніжальнае. Хоць некаторыя гавораць, што гэта нацыянальная ідэя. Не зусім з гэтым згодная, але ўсё ж на гэтым наш сьвет стаіць.
Іншая ўдзельніца фэсту, Надзея Вайцюль з гэтым не пагаджаецца:
– Ні кропелькі ня крыўдна, гэта наш брэнд, наш гонар, гэта наша такая адметная рыса, нас як нацыі. Я ня крыўджуся.
На фэсьце гучалі беларускія вершы і песьні, былі беларускія танцы, можна было паўдзельнічаць у конкурсе і атрымаць прыз. А ў канцы імпрэзы можна было пачаставацца дранікамі, што смажыліся тут на сьвяце.
Часта бываючы ў Германавічах на розных мерапрыемствах, заўважаеш, што мясцовыя людзі звычайна іх ігнаруюць. Чаму так адбываецца, я спытаў у Алёны Лапацкай:
– Хочацца верыць, што баяцца. Але насамрэч, баюся, ім проста ўсё роўна.
Застаецца спадзявацца, што стаўленьне людзей да тых мерапрыемстваў, што праводзіць Ада Эльеўна, усё ж зьменіцца, і ў наступным годзе на бульбяным фэсьце прадстаўнікоў Германавічаў будзе больш.
https://vitebsk.dns.army/news/kulturnyja-pravy/item/2406-u-germanavichakh-u-tretsi-raz-prajshou-bulbyany-fest#sigProIdf13d138a0d
Зьміцер Лупач, westki.info