“Віцебскі сшытак” – жывы…
– Так, прайшло ўжо 17 гадоў, і раптам высьветлілася, што “Віцебскі сшытак” – жывы… Проста хачу сказаць, што, на мой погляд, зараз зноў прыйшоў такі час, калі аднаўляецца цікавасьць да рэгіянальнай гісторыі. Сытуацыя з краязнаўствам за гэтыя 17 гадоў на Віцебшчыне зьмянілася істотна, і зьмянілася ў лепшы бок. Праводзяцца навуковыя канфэрэнцыі, працуюць краязнаўцы... Усё гэта вельмі цешыць. Але тая ніша, якую 17 гадоў таму займаў “Віцебскі сшытак”, засталася незанятая, – сьцьвердзіла на пачатку прэзэнтацыі Людміла Хмяльніцкая.
Перад імпрэзай
Узгадала, што ўсе нумары “Віцебскага сшытку” былі тэматычныя і што, у адрозьненьне ад іншых часопісаў такога кшталту, у ім друкаваліся даволі аб’ёмістыя (“вялікія, і нават – вельмі вялікія”) матэрыялы.
– Вялікія артыкулы будзем друкаваць і надалей у “Сшытку”. Бо калі ня тут – то дзе?.. – падкрэсьліла Хмяльніцкая.
Эмілія Плятэр прыяжджала ў Віцебск
Рэдактарка нагадала, што самы першы нумар “Віцебскага сшытку” зьявіўся ў далёкім 1995-м, а перадапошні (№4) – у 2000 годзе.
Заснавальнікамі першых нумароў былі Віцебскі абласны краязнаўчы музэй і абласное краязнаўчае аб’яднаньне. Пачынаючы з другога нумару сталым фундатарам выданьня выступала прадпрыемства Belwest. Пяты ж нумар быў выдадзены дзякуючы партнэрскай падтрымцы Віцебскай абласной бібліятэкі.
Апавядаючы пра колішнія выпускі “Сшытку”, Людміла Хмяльніцкая сьцьвердзіла, што адроджаны альманах захаваў галоўныя асаблівасьці сваіх папярэднікаў – ад канцэпцыі зьместу да дызайнэрскага афармленьня (дызайн вокладкі Андрэя Вярэніча).
Гэтак, напрыклад, пяты “Віцебскі сшытак” наўпрост пераклікаецца з самым першым нумарам – праз асобу віцебчука Максыміляна Маркса. Калісьці ў першым нумары публікаваліся ягоныя “Записки старика”. А ў пятым – аж некалькі матэрыялаў аўтарства Маркса, прысьвечаныя Каэтану Касовічу, Міхаілу Шумскаму і Эміліі Плятэр.
Аказалася, што Эмілія Плятэр, якую многія называюць зараз “беларускай Жанай д’Арк”, была добрай сяброўкай маці Маркса і неаднойчы прыяжджала ў Віцебск.
Казіміра Ілаковіч была пазашлюбнай дачкой сына Тамаша Зана
У той жа час сьвежы “Віцебскі сшытак” пашырыў геаграфію дасьледаваньняў. Гэтак, у пятым выпуску зьявілася новая рубрыка Latgale, якая прэзэнтуе пакуль што адзіны, але па-сапраўднаму інтрыгоўны артыкул “Не для себя. Софья Буйно из рода Плятер-Зибергов (1847-1909) и Казимира Иллакович (1888-1983)”, аўтарам матэрыялу зьяўляецца Людміла Хмяльніцкая.
Гэта – захапляльная гісторыя пра тое, як прыёмная дачка графіні Зоф’і Буйно Казіміра Ілаковіч зрабілася спачатку сакратаром самога Юзафа Пілсудзкага, а потым – славутай польскай паэткай, якую называюць цяпер “польскай Ганнай Ахматавай”. Цікава таксама, што Казіміра была пазашлюбнай дачкой сына паэта Тамаша Зана – Клемэнса…
Пра Сьвяцкіх і Лапацінскіх
Ключавую тэму нумару (шляхецкія рэзыдэнцыі), як, зрэшты, і сам нумар, адкрывае яшчэ адзін цікавы і багата ілюстраваны матэрыял Людмілы Хмяльніцкай “Маёнтак Беліца роду Сьвяцкіх”. Маёнтак, ад якога сёньня засталася толькі адна вежа, знаходзіўся ў сучасным Сеньненскім раёне. Апублікаваны таксама адзін з артыкулаў уладальніка маёнтку Караля Сьвяцкага “Паездка ў Данію і Швэцыю”.
Аляксандар Аніськовіч распавядае пра Лявонпаль
Пад рубрыкай Penates публікуюцца таксама артыкулы, прысьвечаныя гісторыі Мёршчыны. Свае “Лявонпальскія замалёўкі” прадставіў падчас прэзэнтацыі віцебскі мастак і дызайнэр Аляксандар Аніськовіч. Дарэчы, у Лявонпалі вядуцца зараз рэстаўрацыйныя працы славутай калёны, усталяванай у мястэчку (на самай мяжы Рэчы Паспалітай) у 1791 годзе ў гонар Канстытуцыі 3 мая. Яшчэ больш пра гэты помнік у Лявонпалі можна прачытаць у “Сшытку” ў артыкуле Вітаўта Ермалёнка.
Нямое кіно ў Бачэйкаве
Тэму шляхецкіх маёнткаў працягваюць матэрыялы пра Бачэйкава (цяпер – Бешанковіцкі раён). Гэтак, аўтарка нумару і жыхарка гэтага мястэчка Ала Арлова прэзэнтавала слухачам свой артыкул, прысьвечаны нямому мастацкаму фільму “Джэнтэльмэн і певень”, які ў 1928 годзе здымалі ў палацы Цеханавецкіх у Бачэйкаве. Дарэчы, гэта быў восьмы па ліку нямы фільм, які быў створаны колішнім “Белдзяржкіно”. Некалькі частак з той стужкі можна ўжо паглядзець ў інтэрнэце…
Выступае Ала Арлова
У “Віцебскім сшытку” зьмешчаны таксама артыкул самога ўладальніка палаца Ўладзіслава Цеханавецкага (“Historja Domestica пана Ірэнія Васілеўскага, полацкага маршалка”).
Часопіс трапіць і ў сельскія бібліятэкі
Падчас прэзэнтацыі альманаху Людміла Хмяльніцкая нагадала, што першы нумар “Віцебскага сшытку” быў прысьвечаны гісторыі віцебскага езуіцкага калегіюму (знаходзіўся на сучаснай плошчы Свабоды), другі нумар – 400-годзьдзю наданьня Віцебску Магдэбурскага права і 400-годзьдзю Берасьцейскай Уніі, трэці – гісторыі Віцебшчыны першай паловы XIX ст., чацьверты – гісторыі Віцебску на мяжы XIX і XX ст. Усе папярэднія выпускі “Сшытку” знаходзяцца зараз у вольным доступе на сайце абласной бібліятэкі.
Новы нумар даступны пакуль што толькі ў паперы. Як паведаміла рэдактарка, большая частка пятага нумару будзе распаўсюджаная па бібліятэках Віцебшчыны.
– Вельмі хочацца каб часопіс трапіў і ў сельскія бібліятэкі, асабліва ў тыя рэгіёны, пра якія мы пішам, – дадала Людміла Хмяльніцкая.
Калі чакаць наступнага нумару
– Калі чакаць наступнага нумару? Гэта пакуль невядома, усё складана. Будзем глядзець. Як будуць чытаць, так і будзе выходзіць, – пажартавала рэдактарка напрыканцы сустрэчы.
Рэдактар "Віцебскага сшытку" Людміла Хмяльніцкая прэзэнтуе новы нумар
Дарэчы, альманах быў выдадзены невялікім накладам – усяго 150 асобнікаў.
Зьміцер Міраш, фота аўтара