Субота, 02 Снежань 2017

“Партызан” прэзэнтаваў у Віцебску ўкраінскі “Ленінапад” і “БЕЛ-79” Вольгі Прусак

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
pARTisan #33 у Віцебску pARTisan #33 у Віцебску

Арт-праект pARTisan сумесна з паблікам “Маладое кіно” зладзілі ў Віцебску паказ дакумэнтальных стужак маладых рэжысэраў з Украіны і Беларусі. “Ленінапад” Сьвятланы Шымко выклікаў вострую дыскусію. А дэбютны фільм віцяблянкі Вольгі Прусак “БЕЛ-79” атрымаў захапляльныя водгукі. Кінапрагляд адбыўся ў віцебскім арт-цэнтры VZAP.

Маладое кіно. Беларусь+Украіна

Дакумэнтальныя стужкі прэзэнтавалі віцебскім гледачам кінакрытык Антон Сідарэнка (вядучы праграмы “Час кіно” на “Беларусь-3”) і сцэнарыстка Марта-Дарыя Клінава (“Зьніклая паэзія”). Яны адзначылі, што праграма “Новыя незалежныя? Маладое кіно. Беларусь+Украіна” дае магчымасьць параўнаць кінадакумэнталістыку дзьвюх блізкіх краін і знайсьці ў ёй ня толькі шмат агульнага, але і адрознае.

Акрамя “Ленінападу” ўкраінскую частку праекту прадстаўляла таксама стужка “Шэсьць паверхаў” Аляксандра Наўроцкага.

Антон Сідарэнка: Было б злачынствам не паказаць “Бел-79” у Віцебску

Наогул, праект завітаў у Віцебск толькі дзякуючы Вользе Прусак. Бо сама яна – наша зямлячка. А фільм «Бел-79» зьняла пра яшчэ аднаго віцебчука – Алега. Герой кінастужкі таксама прысутнічаў у залі.

Вольга Прусак

Антон Сідарэнка нагадаў, што Вольга Прусак – ужо вядомая ў тэатральным асяродку аўтарка. Некалькі яе п’есаў (“Дэжавю”, "Сёньня ніхто не нарадзіўся") паставіў “Свабодны тэатар”. У 2016 годзе Вольга стала пераможцам конкурсу REC-2016 на лепшую ідэю поўнамэтражнага фільму. Зацікаўленасьць у супрацоўніцтве з Вольгай выявіў сам Андрэй Зьвягінцаў. Вольга зьяўляецца таксама ляўрэаткай прэміі Тома Стопарда (“Яркі дэбют”). Цяпер віцяблянка паспрабавала сябе ў кінадакумэнталістыцы.

Кінакрытык Антон Сідарэнка і аўтарка "Бел-79" пасьля прэм'еры

– Мы палічылі, што было б злачынствам не паказаць гэты фільм у вашым горадзе, – заўважыў Антон Сідарэнка.

Вольга Прусак: Лічыла, што мушу зьняць хаця б адзін фільм

 Дарэчы, гэта быў першы паказ стужкі “Бел-79” у Сінявокай. Але яшчэ да гэтага фільм быў намінаваны на прэстыжную прэмію (намінацыя “Лепшы дэбют”) “Ляўр”. Стужку ўжо паказалі на міжнародным фэстывалі на Кіпры. А 7 сьнежня “Бел-79” пакажуць на прэстыжным маскоўскім фэстывалі “Артдокфест”

– Я даўно хацела здымаць кіно, – прызналася Вольга пасьля прагляду. – Лічыла, што ў жыцьці проста мушу зьняць хаця б адзін фільм. Здымеш хоць адно кіно – і, лічы, жыцьцё атрымалася. І вось…

Адзін з гледачоў пасьля віцебскай (і беларускай) прэм’еры “Бел-79” прызнаўся, што ледзь стрымаўся, каб не запляскаць у далоні яшчэ падчас прагляду…

“Бел-79”: “Куды ён езьдзіць на сваім двухколавым трактарку?..”

38-хвілінная стужка “Бел-79” – гэта пранікнёная гісторыя пра чалавека, які спрабуе стварыць свой асабісты і ні на што не падобны сусьвет пасярод шэрых гарадзкіх трушчоб. І ў яго атрымліваецца (ці не?..). Фільм пра адзіноту і спрадвечную мару аб чалавечым шчасьці.

Галоўны герой стужкі "Бел-79" Алег пасьля паказу

– Калі ў горад ня прыйдзе прырода, мы мусім кожныя выходныя выбірацца за горад. Інакш проста немагчыма жыць у горадзе і застацца чалавекам. У мяне прынамсі не атрымліваецца… – кажа галоўны герой стужкі, дзіўнаваты віцябчук Алег, у якога ёсьць свой трактар і ў якога ёсьць свой востраў. А яшчэ – мара. Пра чароўныя ўсюдыходныя шыны “Бел-79”…  

Галоўныя вартасьці свайго кіно Вольга Прусак сьціпла прыпісвае шыкоўнай працы апэратара (Яўген Урублеўскі) і асобе галоўнага героя. Называе яго не інакш як “супэргерой”.    

– Мне проста стала цікава, як гэты чалавек здолеў стварыць свой сусьвет у самым сэрцы гарадзкіх трушчоб. Гэта складана. Для гэтага патрэбная сьмеласьць, упартасьць, вялікая праца і пачуцьцё свабоды. Магчыма, кожны аб гэтым марыць. Але як зрабіць?.. – кажа Вольга Прусак.

Эпизод зь фільму "Бел-79"

Рэжысэрка згодная са сваім героем у тым, што чалавек ня можа быць шчасьлівы ў самоце. Бо шчасьце, на думку Вольгі, “быць у супольнасьці, быць разам зь іншымі”.  

– І менавіта горад, гэты сымбаль камфорту і прагрэсу, робіць нас самотнымі. А калёсы “Бел-79” якраз і ўвасабляюць прагрэс, – патлумачыла аўтарка дакумэнтальнай стужкі.

Кіно сапраўды атрымалася вельмі моцным. І па-беларуску шчырым. Пра Віцебск і пра ўсіх нас.

“Ленінапад” як украінская народная магія

Украінскія стужкі праграмы справакавалі ў сваю чаргу вострую дыскусію. Вялося ня толькі пра кінематограф, але і пра палітыку.

"Ленінапад": кадар зь фільму

Марта Клінава казала пра нацыянальныя траўмы, якія атрымалі ўкраінцы падчас савецкага ўладараньня. Пра тое, што руйнаваньне ўсіх Ленінаў было свайго кшталту эмацыйным выбухам, які дапамог краіне выйсьці на новы ўзровень.  

Марта Клінава падчас дыскусіі

А Вольга Прусак назвала ўкраінскі “ленінапад” народнай магіяй. Маўляў, скінем тое, што нам калісьці не дапамагло, і ў нас адразу ўсё наладзіцца.

– Але ж гэта няпраўда, так не бывае, – упэўненая аўтарка “Бел-79”.

Хтосьці з гледачоў выказаў асьцярогу, што такі ж самы ленінапад можа адбыцца і ў Беларусі. Але ці гатовая Беларусь так радыкальна разьвітацца са сваімі ідаламі, як гэта зрабілі ўкраінцы? На думку Вольгі Прусак, лепей ужо гатаваць квашаніну з галоваў Ільліча і ператвараць недарэчныя помнікі ў арт-аб’екты. Гэта будзе па-беларуску.   

pARTisan: глыбіня рэзкасьці  

Усе ўдзельнікі кінапрагляду ў віцебскім VZAP атрымалі ў падарунак сьвежы нумар альманаху pARTisan, прысьвечаны польскай кінадакумэнталістыцы.

А некаторым пашчасьціла стаць уладальнікамі “Дапаможніка кінадакумэнталіста” аўтарства прафэсаркі Кінашколы ў Лодзі Гражыны Кэндзеляўскай. Кніга была выдадзеная сёлета ў перакладзе на беларускую мову ў межах праекту “Польскі дакумэнтальны фільм на Беларусі – глыбіня рэзкасьці”.

Зьміцер Міраш, фота аўтара