Серада, 28 Кастрычнік 2015

Вядоўца курсаў «Мова нанова» ў Віцебску: Мы не спыняемся і рухаемся толькі наперад

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Мінулы год быў першым паўнавартасным навучальным сэзонам для курсаў «Мова нанова» ў Віцебску. Мяркуем, чытачам Віцебскай вясны будзе цікава пачуць пра зробленае і даведацца пра пляны на будучыню з вуснаў аднаго зь вядоўцаў курсаў Сяргея Маркава.

Як можна дазнацца з вашай старонкі «Ўкантакце», першыя заняткі ў гэтым годзе пачаліся 23 верасьня. За гэты час да вас прыяжджаў Юры Жыгамонт, прыяжджала Руся са сваёй «Шумай», Юрась Каласоўскі – настаўнік беларускай мовы, вядоўца курсаў «Мова нанова – Магілёў»... Даволі плённы пачатак. А вось ці адчулі вы нейкі заўважны плён ад зробленага за мінулы навучальны сэзон?

Так, плён ёсьць, бо ў гэтым сэзоне ўжо зьвіліся новыя людзі, хаця мы рады бачыць і тых студэнтаў, што наведвалі нас у мінулым годзе. Але сэнс нашай працы як раз і палягае ў тым, каб гэта былі не адны і тыя ж асобы, якія ходзяць да нас з году ў год. Сэнс у тым, каб людзі даведваліся пра нас і прыходзілі. Калі да нас прыяжджаюць такія зоркі, як Юры Жыгамонт ці Зьміцер Вайцюшкевіч, што быў у мінулым годзе, то з таго натоўпу, што прыходзіць паглядзець і паслухаць менавіта гэтую канкрэтную пэрсаналію, чалавек 10-20 застаюцца і робяцца нашымі пастаяннымі слухачамі. Напрыклад, тыя наведнікі, якія ўпершыню трапілі на заняткі да нас 23 верасьня, калі прыяжджаў Юры Жыгамонт, цяпер утвараюць новы касьцяк курсаў. Месяц прамінуў, і людзі гэтыя засталіся. Ёсьць у нас і чалавек дзесяць, якія ў мінулым сэзоне, як спраўныя вучні, хадзілі амаль на кожны занятак, і ў новым навучальным годзе яны да нас прыйшлі таксама.

Скажыце, Сяргей, якія зьмены ў вашай працы адбыліся альбо адбудуцца ў новым навучальным годзе?

З пачатку сёлетняга сэзону перанесьлі свае заняткі з нядзелі на будны дзень. Гэты перанос паспрыяў таму, што пачало прыходзіць больш студэнтаў, якія раней не маглі наведваць нас, бо на выходныя зьяжджалі да бацькоў.

І яшчэ адна перамена: з 4 лістапада пераяжджаем на новае месца, у канфэрэнц-залю турыстычнага салёну «Ілва». Пераяжджаем не з-за таго, што нам нешта не падабаецца ў «Задзьвіньні». Нам там вельмі падабаецца, бо апрача ўсіх выгодаў нашы слухачы маюць яшчэ і магчымасьць праглядаць новыя выставы. І заля там клясная, і будынак клясны. Але рэч у тым, што людзі праз сацыяльныя сеткі закідалі нас допісамі пра тое, што гэта далёка – найперш, далёка ад прыпынку. Ня страшна, калі гэта быў выходны і гэта было ў сьветлы дзень. Але ў сувязі са зьменай часу заняткаў мы згубілі вельмі важную для нас частку слухачоў: школьнікаў. Згубілі з-за таго, што бацькі ўвечары не адпускаюць іх на заняткі, якія пачынаюцца а 18:30, і прыкладна а 21-й гадзіне канчаюцца. Гэта і запозна, і далёка ад прыпынку, і цемнавата. А «Ілва» – цэнтар гораду, тут сьветла, транспарт побач. Тым больш, што мы ўвесь час імкнуліся як мага бліжэй да цэнтру. Калі мы будзем там, ёсьць надзея, што яшчэ больш народу будзе прыходзіць.

А вы не палохаецеся, што празь нейкі час наведнікі страцяць цікавасьць да вашых заняткаў? І якія захады робіце, каб гэтага не адбылося?

Мы ўжо ня раз казалі, што гэткага, як у школе, дзе з году ў год адно і тое ж, у нас быць ня можа. Тэмы ў нас заўсёды новыя, мы з тэмамі не паўтараемся. Адзіны вынятак, калі людзі самі просяць зноў правесьці падобны занятак. Вось, напрыклад, тэма «Сымболіка лічбаў» – мы раней яе ўжо закраналі, але людзям цікава даведацца пра гэта яшчэ больш.

Зараз выкладчыкі курсаў з розных гарадоў загарэліся яшчэ адной ініцыятывай: паезьдзіць адзін да аднаго і паглядзець, як там у іншых, што новага і цікавага адбываецца. Нягледзячы на тое, што праграма нібыта адна і тая ж, але ўсё адно кожны працуе па-свойму. Вось Юрась Каласоўскі прыехаў, паглядзеў, як тое адбываецца ў нас. Мы паедзем да яго, каб пабачыць, як ён выкладае граматыку, бо гэта абсалютна па-іншаму. Я ведаю, што там і цікава, і грунтоўна, у яго больш інтэрактыву, таму трэба павучыцца ў яго. Напрыклад, у Баранавічах выкладае Юля Трацьцяк, там у яе такія фізкультхвілінкі, што ўсе ў захапленьні. Ёсьць сэнс паезьдзіць да яе, бо нельга варыцца толькі ў сваім соўсе.

Мяркую, гэта не адзіная ваша ініцыятыва?

28 кастрычніка наш занятак мы прысьвяцілі беларускаму тэатру «Лялька». Мы хочам разам зь ім адсьвяткаваць яго 30-гадовы юбілей, дзеля чаго «Лялька» запрасіла нас да сябе ў госьці. Гэта будзе не апошні выязны занятак. Плянуем дамовіцца зь якімі-небудзь мэцэнатамі, якія б далі нам у арэнду аўтобус, адвезьлі ў Заронава. Аднак нягледзячы на зьмену фармату заняткаў, мы заўжды памятаем, што як ні круці, граматыка, якая, мабыць, для кагосьці ёсьць самым нудным момантам нашых курсаў, павінна заставацца іх неад'емнай часткай. Гэта мы трымаем пад увагай. А ідэя гэтая зь перасоўваньнямі, з экскурсіямі ў нас высьпела ня сёньня.

Калісьці Вы казалі, што, па вялікім рахунку, рэклямы вам недастаткова. Як справы з рэклямай у вас цяпер?

Рэкляма? Мы тут думалі рабіць рэкляму ў транспарце, але не наважыліся. Я проста думаю, калі мы будзем у «Ілве», то зможам паставіць свой штэндар. Калі ён будзе ўвесь час на вачох, мяркую, гэтага будзе дастаткова. Да таго ж нас зараз рэклямуе «Вячэрні Віцебск». Анонс мы маем. І гэта працуе, да нас ўжо прыйшло некалькі чалавек. Таксама працуе і сарафаннае радыё, але найперш рэкляма ідзе праз сацсеткі. Апроч таго, мы распаўсюджваем цішоткі, асадкі з нашай сымболікай.

Сяргей, калі ласка, скажыце некалькі словаў пра гендарны склад вашых курсаў. Жанчыны, відавочна, пераважаюць?

Калі казаць пра гендарны склад нашых слухачоў, то гэта недзе 60 на 40 адсоткаў. Ва ўзроставым сэгмэнце склад яшчэ больш разнастайны. Ёсьць і моладзь, і больш сталыя людзі. Публіка разнастайная: і студэнты, і школьнікі, і начальнікі ёсьць, і простыя людзі.

Як вам падаецца, ці стала беларускай мовы ў горадзе больш дзякуючы вашым курсам?

Мы адпрацавалі толькі адзін сэзон, але, я мяркую, мовы стала больш. Падчас сустрэчаў нашы студэнты абавязкова кантактуюць па-беларуску. Што цікава, людзі сталага ўзросту, людзі ад мастацтва да вывучэньня мовы ставяцца нават больш сур'ёзна, чымся моладзь. Напрыклад, Міхаіл Мікалаевіч Зянькоў, разьбяр з Рубы, цалкам перайшоў на беларускую мову. Як ён тлумачыць: «Прыяжджаюць госьці з Расеі і кажуць: мы хочам убачыць беларуса і адчуць беларускасьць. А то, маўляў, прыяжджаеш да вас, і што – тая самая Расея. У чым розьніца?»

Імкненьне беларуса да беларускасьці – гэта натуральная зьява. Адна мая калега кажа: «Я ўжо адчуваю: мне вось гэтага беларускага космасу не хапае ў штодзённым жыцьці. Ён сам ірвецца на прастору, на сьвятло. Гэта ня тое самае, што калі нехта прымушае да гэтага. Модна тое, ня модна – я проста не магу стрымацца, бо словаў ведаеш усё больш і больш, і не магчыма стрымацца. І калі пачынаеш размаўляць – такое ўражаньне, нібыта ярмо звалілася. Усё, загаварыла – і адразу палёгка».

Ня ведаю курсы тут, ня курсы. Ці ўвогуле нейкія такія павевы.

Раней кожны быў сам па сабе, і загаварыць было куды складаней. Цяпер людзі адчуваюць, што ёсьць супольнасьць. Хаця людзкая рэакцыя на беларускамоўнага суразмоўцу розная. Нехта можа сказаць: «Звар'яцеў пад старасьць гадоў». Нехта скажа: «А як ён зьмяніўся!». Хтосьці скажа: «Стаў яшчэ больш цікавым». Усё залежыць ад асабістай культуры. Кагосьці беларускамоўнасьць можа раздражняць ці быць непрымальнай. Але калі чалавек разьвіваецца, самаўдасканальваецца, не спыняецца на дасягнутым, то ўсё ўспрымаецца натуральна.

Цяпер модна казаць пра гэтак званую «зону ўласнага камфорту». Хтосьці з гэтай зоны не выходзіць. Нічога новага яму, апроч банальных «чаркі, скваркі, іншамаркі», не патрэбна. Але ж ёсьць людзі, якія імкнуцца пазнаць нешта новае, рухацца наперад і штосьці пры гэтым аддаваць людзям. Дык вось сярод гэткіх людзей заўжды будзе існаваць паразуменьне.

Сяргей, падзяліцеся сваімі плянамі на найбліжэйшую будучыню.

У плянах у нас Сяржук Доўгушаў з гуртом «Vuraj», 11 лістапада да нас мусіць прыехаць гурт «Рэлікт» з прэзэнтацыяй свайго новага альбому. Хацелася б зрабіць нават невялічкую прэс-канфэрэнцыю, бо я мяркую, што зараз у айчыннай музыцы – гэта сапраўдная зьява высокага прафэсійнага ўзроўню. Прычым музыкі – з канкрэтна беларускім космасам і пасылам. Роўных ім у галіне рок-музыкі на цяперашні момант няма. Побач зь імі пастаўлю хіба што Русю зь яе «Шумай», хаця гэта і розныя музычныя жанры. На experty.by яны атрымалі самыя вялікія адзнакі. Русю таксама будзем ізноў запрашаць.

А так, яшчэ плянуем свой праект. Тут, у Віцебску, мы вырашылі стварыць беларускі эка-фэст лэнд-арту. Мы прызначылі яго на 21 траўня 2016 году. Фэст будзе называцца « Прастора». Апроч музыкі будзе і здаровая ежа зь беларускім ухілам. Алькаголю ня будзе. Трэба сказаць, мы не спыняемся і рухаемся толькі наперад.