Майстар-кляс быў падзелены на дзьве часткі. Спачатку ўдзельнікі запрашаліся ў невялікі пакой, дзе на спэцыяльнай канструкцыі разьмяшчаліся званы розных памераў. Тут майстар Сяргей дзяліўся асновамі званарскай справы і прапаноўваў усім ахвотным паспрабаваць свае сілы. Перш чым распачаць заняткі, усім былі раздадзеныя навушнікі. Паводле спадара Сяргея, калі імі не карыстацца, то можна лёгка пазбавіцца слыху. Пасьля ўдзельнікі падымаліся на самую вяршыню сабору, на званіцу. Па эмацыйным настроі людзей, асабліва дзяцей, было відаць, што ня толькі жаданьне пабіць у званы, але магчымасьць падняцца на такую вышыню і паглядзець адтуль на горад шмат для каго стала матывацыяй узяць удзел у навучаньні. А краявіды са званіцы адкрываюцца сапраўды прыгожыя. Ужо наверсе майстар распавядаў пра сваю працу, дзяліўся некаторымі сакрэтамі і адказваў на пытаньні.
Як распавёў Сяргей, навучыцца званарнай справе ня так ужо і складана – дастаткова мець музычны слых, жаданьне і настаўніка, які перадасьць вам навыкі. Але асноўнае патрабаваньне – трэба быць уцаркоўленым чалавекам. Бо толькі вернік можа быць дапушчаны да гэткай прыгожай і адказнай справы. Сам жа ён, перш чым навучыцца біць у званы, праехаў шмат храмаў і цэркваў і спасьцігаў веды ў розных званароў. У кожнага зь іх свае сакрэты і свая манэра выкананьня, таму чым больш вы праедзеце майстроў, тым больш багатым будзе ваша выкананьне.
Для самога Сяргей званарства – усяго толькі захапленьне, можна сказаць хобі, якім ён пачаў займацца з 2000 году. У Віцебскім храме ён працуе некалькі гадоў аканомам, да гэтага быў званаром у вёсцы. Пытаньне карэспандэнта "Адкуль Вы пераехалі ў наш горад?" крыху зьбянтэжыла яго і, перш чым адказаць на яго, ён спытаў: "А Вы не нацыяналіст?" Пачуўшы адмоўны адказ, Сяргей расказаў, што пераехаў у Віцебск з Расеі, з Тульскай вобласьці, дзе працаваў званаром у мясцовым вясковым храме.
Няўжо і напраўду ў нас так моцна разьвіты нацыяналізм, што расейскія служкі праваслаўнай царквы ня надта хочуць афішаваць сваё расейскае паходжаньне? Ці проста яны знаходзяцца пад уражаньнем ад той гісторыі, калі мясцовыя жыхары вельмі актыўна выступалі супраць будаўніцтва Сафійскага сабору ў Віцебску?
У канцы сустрэчы Сяргей прапанаваў усім ахвотным прыходзіць штотыдзень па нядзелях у 12 гадзін у школу званоў, што праходзіць ва Ўсьпенскім саборы. Спэцыяльнай прафэсійнай ўстановы, дзе можна навучыцца гэтаму майстэрству, у Беларусі няма. Даводзіцца вучыцца ў дзеючых званароў.
https://vitebsk.dns.army/news/kulturnyja-pravy/item/2789-bits-u-zvany-adkaznaya-sprava-u-vitsebskim-khrame-prajshou-majstar-klyas-pa-perazvone#sigProId77f24434af
Уладзімер Бяляўскі