Кніга была выдадзеная на нямецкай мове ў 2009 годзе. Яе аўтар Богдан Мусяр – нямецкі навуковец, які яшчэ студэнтам быў вымушаны эміграваць у заходнюю Нямеччыну з Польшчы з-за ўдзелу ў пратэставых акцыях руху «Салідарнасьць».
Каб сабраць матэрыялы, аўтару давялося шмат папрацаваць. Кніга грунтуецца на дакумэнтах, знойдзеных у нямецкіх, расейскіх, беларускіх, польскіх і летувіскіх архівах. Амаль кожная старонка зьмяшчае па 10-15 спасылак на розныя гістарычныя крыніцы.
У Беларусі прац гэткага ўзроўню няма. Кніга была перакладзеная на беларускую мову ў 2011 годзе, а выдадзеная толькі ў 2018. Такая вялікая затрымка зьвязаная як зь фінансавымі нюансамі і вялікім аб'ёмам кнігі – а гэта амаль 600 старонак, – так і з палітызаванасьцю асьветленай тэмы.
Паводле словаў Валера Булгакава: «Калі вы ўбачыце гэтую кнігу, то адразу можаце перажыць культурны шок, бо яна фармальна ніякага дачыненьня да Рэспублікі Беларусь ня мае. Фірма-выдавецтва зарэгістраваная ў Смаленскай вобласьці, а друкарня знаходзіцца ў падмаскоўным Чэхаве. І гэты кантэкст ўплывае на разуменьне твору, бо зарэгістраваным у Беларусі выдавецтвам у зарэгістраванай у Беларусі друкарні нерэальна надрукаваць гэткую кнігу. А калі і рэальна, то тады паляцяць галовы або выдавецтва, або друкарні. Або тых і тых разам. Гэта зьвязана з тым, што кніга стала спробай пераасэнсаваньня цэнтральнага вобразу або цэнтральнага міту беларускай дзяржавы пра ўсенародную барацьбу беларускага народу супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Барацьба ж гэта не заўсёды была ўсенароднай, не заўсёды эфэктыўнай, выглядала не заўсёды глянцавай, як нам гэта падносяць афіцыйныя крыніцы інфармацыі».
У кнізе ў храналягічным парадку паказваецца разьвіцьцё савецкага партызанскага руху на тэрыторыі Беларусі ад самага пачатку, лета 1941 году, да лета 1944-га, калі партызанскія атрады былі распушчаныя. Закранаюцца такія тэмы як зносіны паміж рознымі партызанскімі атрадамі, якія былі не заўсёды гладкімі, стасункі зь мясцовым насельніцтвам, распавядаецца пра напады на простых людзей з боку партызан. Асобныя разьдзелы прысьвечаныя жанчынам у партызанскім руху; нацыянальнаму аспэкту – габрэям, палякам, беларусам; ваеннай контрвыведцы; многім іншым сюжэтам, якія маюць дачыненьне да гэтай тэмы.
Віцебскі паэт Уладзімер Папковіч, які зрабіў пераклад працы зь нямецкай мовы, падзяліўся са слухачамі ўспамінамі аб сваім дзяцінстве, якое прыпала на ваенны час: «Я быў малы, але я ведаў ценявыя бакі партызаншчыны. У нас, на захадзе, партызаны называліся капялюшнікамі. Капялюшнікі – гэта проста рабаўнікі, бандыты, якія лезьлі ў куфар, усё забіралі, што там было ў куфры, і казалі: "Мы вернемся яшчэ". Каня ў нас забралі і сказалі, што потым прыгоняць назад, але мы больш нашага коніка так і ня бачылі».
У канцы сустрэчы кожны мог набыць ня толькі кнігу пра партызанскі рух, але і іншыя гістарычныя кнігі і часопісы, якія выйшлі ў выдавецтве «ARCHE». Далёка ня ўсё з прадстаўленага асартымэнту магчыма купіць у кнігарнях. І многія вырашылі не прапусьціць такую ўнікальную мажлівасьць.
https://vitebsk.dns.army/news/kulturnyja-pravy/item/2818-knigu-yakuyu-nemagchyma-vydats-u-belarusi-prezentavali-u-vitsebsku#sigProIda9df4ebf84
Уладзімер Бяляўскі