“Згодна з рэкамэндацыйным лістом Міністэрства адукацыі і Упраўленьня адукацыі Віцебскага аблвыканкаму, такое “сьвята”, як Хэлоўін уваходзіць у сьпіс НЕ РЭКАМЭНДАВАНЫХ для сьвяткаваньня ва ўстановах адукацыі, таму – ні дыскатэкі, ні касьцюмаванага шоў. АЛЕ 2 лістапада – Дзень акадэміі. Тэматыка сьвята прымеркаваная да 100-годзьдзя камсамолу, так што можаце прыходзіць у піянэрскіх касьцюмах :)”, – адказаў на пытаньне ў студэнцкай суполцы “ВГАВМ. Пусть говорят” кіраўнік студэнцкага тэатру Максім Мішурны
Такі адказ выклікаў лавіну незадаволеных камэнтароў. Праз колькі гадзін камэнтар Мішурнага быў выдалены, але ўдзельнікі дыскусіі выставілі скан адказу.
Зьявіўся таксама – рэкамэндацыйны ліст Упраўленьня адукацыі Віцебскага аблвыканкаму, які ўжо друкаваўся ў мэдыях летась.
“Будучы занепакоеныя ўкараненьнем у сьвядомасьці навучэнцаў… дэструктыўных асноў сучаснай масавай культуры настойліва просім у надыходзячым навучальным годзе і ў далейшай дзейнасьці забараніць ва ўстановах адукацыі Віцебскай вобласьці правядзеньне такіх чужых нашай традыцыйнай культуры “найноўшых сьвятаў”, як Хэлоўін і Дзень сьвятога Валянціна…” – гаворыцца ў лісьце, які падпісаў начальнік упраўленьня Дзьмітры Хома.
https://vitebsk.dns.army/news/kulturnyja-pravy/item/2969-khelouina-vlksm#sigProIdd7f2dfedb5
Студэнты абураюцца тым, што ў дакумэнце забараняюць сьвяткаваць менавіта “заходнія сьвяты”. Пішуць пра крывадушнасьць такога падыходу (“Дык забараніце тады і заходнія гаджэты!”). Закранаюць тэму Дзядоў і “Расстрэльнай ночы” 29-30 кастрычніка…
“Тое, што мы скочваемся назад у Савецкі Саюз, – гэта страшна…” – піша адна з карыстальніц.
Зьміцер Міраш