“Канечне, гэта нерэальна, каб чалавек напісаў за кароткі час столькі кніжак і каб яны адразу выйшлі…” – кажа Уладзімер Папковіч.
Тры кнігі перакладаў. Дзьве – на чарзе
Патлумачыў, што кнігі перакладаў – гэта плён колькігадовай працы. Сёлета пабачыў сьвет зборнік выбраных навэлаў Томаса Мана “Сьмерць у Вэнэцыі” у перакладзе зь нямецкай Уладзімера Папковіча. Апрача таго – пераклады навукова-гістарычных дасьледаваньняў “Пад чырвонай зоркай і свастыкай: Баранавіччына ў 1939—1944 гг. Заходняя Беларусь пад нямецкай і савецкай акупацыяй” Аляксандра Бракеля і “Савецкія партызаны ў 1941—1944 гг. Міфы і рэчаіснасць” Багдана Мусяла.
І гэта ня ўсё. Ужо скончаная праца над перакладам кнігі нямецкай дасьледчыцы Бабеты Квінкет “Тэрор і прапаганда”, а таксама пераклад на беларускую мову аповесьці Зігфрыда Ленца “Хвіліна маўчаньня”. Гэтыя кнігі будуць надрукаваныя ў 2019 годзе.
“Аб чым жа летуценіць ноччу пажылы рамантык?”
Але пра галоўнае. Уладзімер Антонавіч падрыхтаваў новую кнігу вершаў, якія цягам 2018 году публікаваў у фэйсбуку. Кнігу назваў “Начныя летуценьні”.
“Я вельмі спадзяваўся, што яна выйдзе да канца году. Але паведамілі, што раней, чым праз тры тыдні, ня зьявіцца. Так што буду чакаць у наступным годзе. Але я яе напісаў, а там ужо Бог – бацька, як мама казала…” – сказаў паэт.
Ірына Саматой і Уладзімер Папковіч
Кнігу, як і папярэдні зборнік вершаў Уладзімера Папковіча “Зазімак”, дапамагала ўкладаць віцебская пісьменьніца і літаратуразнаўца Ірына Саматой. Выданьне кніжкі падтрымаў фінансава Саюз беларускіх пісьменьнікаў.
“Начныя летуценьні” – вершы 2018 году. Я іх сабраў, зьбіў і папрасіў Ірыну Вацлаваўну паглядзець, ці можна зрабіць кніжку. І яна зрабіла, і пакінула недзе каля 100 старонак вершаў. А мой зяць стварыў вокладку…” – расказаў Уладзімер Антонавіч.
“Гэты год сапраўды ўраджайны для Уладзімера Антонавіча. Столькі кніг і перакладаў! Выдадзены “Зазімак”, падрыхтаваныя “Начныя летуценьні”. Столькі не пад сілу нават цэламу калектыву парой зрабіць! Але гэты чалавек мае такія духоўныя сілы, якія даюцца ня кожнаму. Хоць і скардзіцца на гады і здароўе, але Усявышні дае яму сілы. І пачуцьцё гумару пасылае, і здаровы цьвярозы розум. І магчымасьць ствараць”, – казала Ірына Саматой.
“Аб чым жа летуценіць ноччу пажылы рамантык? Думае над пражытым, успамінае мінулае, радзіму, бацькоў, разважае над тым, што значыцца пражыць жыцьцё і як яго трэба пражыць, сумуе над сваімі памылкамі і радуецца посьпехам, даражыць сяброўствам, успамінае каханьне…” – распавяла пра новую кнігу Ірына Саматой.
Падчас імпрэзы гучалі лірычныя, іранічныя і жартаўлівыя вершы Уладзімера Папковіча.
Паэт, у свае 83 гады, працягвае выпраменьваць на аўдыторыю магутную энэргію аптымізму і любові да жыцьця.
“У вас столькі пазытыву! Як паслухаю – дык самой хочацца пісаць шчыра, узьнёсла, жартаўліва!” – прызналася старшыня абласной філіі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў (СБП) Настасься Лазебная, уручаючы паэту кветкі.
Вельмі шчыра напрыканцы вечарыны віншаваў Уладзімера Папковіча ягоны сябар цыганскі паэт Вальдэмар Калінін.
Далучаемся да віншаваньняў. Чакаем у новым годзе новых кніг і перакладаў!
Зьміцер Міраш, фота аўтара