У пленэры ўдзельнічалі восем беларускіх мастакоў, якія жылі ў прыватнай хаце пры хрысьціянскім храме ў аскетычных умовах. У суботу, 15 жніўня, працы мастакоў былі прадстаўленыя на агляд. Кожны з мастакоў пасьля пленэру пакінуў па адной карціне ў падарунак хрысьціянскай парафіі.
У суботу пасьля хрысьціянскага праваслаўнага набажэнства, якое, дарэчы, адпраўлялася на беларускай мове, адбылася выстава-справаздача пра намаляваныя карціны. Карціны і накіды удзельнікаў пленэру былі выстаўленыя ў двары храму на ўсеагульны агляд вернікаў. Мастакі распавялі пра свае ўражаньні ад полацкіх храмаў, пра атмасфэру старажытнай гісторыі, пра іх бачаньне хрысьціянскай гісторыі Полацку. Алесь Пушкін, які прыехаў на пленэр, быў уражаны хрысьціянскай службай на беларускай мове і распавёў пра сваю падораную карціну, якая сымбалізуе аб'яднаньне заходняга і ўсходняга хрысьціянства.
Арганізатары абяцаюць праз паўгода правесьці выставу гэтых дапрацаваных карцін у Віцебску і, магчыма, у Менску. Плянуецца зрабіць такі хрысьціянскі пленэр штогадовым і традыцыйным. Сёлета ў пленэры ўдзельнічалі: Алесь Пушкін, Андрэй Міхайлаў, Андрэй Піскун, Вячаслаў Літвін, Валер Шчасны, Віктар Жукаў, Зьміцер Мшар, Іван Іваноў.
Аляксандар Марозаў, Віцебская вясна
https://vitebsk.dns.army/news/kulturnyja-pravy/item/345-khrystsiyanski-plener-prajshou-u-polatsku-videa#sigProId1d43f2c486