«Было гэта на першым курсе, і гісторыя пачалася вечарам 20 лістапада 1994 года, у інтэрнаце №4, дзе калісьці жылі вы з татам... Хтосьці з хлопцаў- аднакурснікаў зайшоў у пакой і сказаў, што трэба дапамагчы адной дзяўчыне з геафака, Ганне Цітовай, дацягнуць да вакзала сумку. А паколькі яна з Віцебшчыны (з Ветрына Полацкага раёна), то, ты, Паша, мусіш зямлячцы даць рады. Рабіць няма чаго, збіраюся, цягну сумку на метро і дарогай, куды дзецца, размаўляю з Ганнай (естественно, по-русски). Пра што? Про то, как здорово, что мы теперь независимые и сделаем из Беларуси та-акую страну!.. На вакзале Ганна дзякуе за дапамогу і кажа, что насчёт независимости звучит, конечно, хорощо, но она мне не верит. Почему? Потому что какой же ты белорусский патриот, Паша, если про белорусский патриотизм, мне, беларуске, говоришь по-русски? І толькі я раскрыў рот, каб патлумачыць: «Ну вообще-то по-русски тут все говорят, и так мне и проще, и в конце концов»... Як мяне асяніла: «Ведаеш, Ганна, а вось я з заўтрашняга дня пачну размаўляць толькі па-беларуску». «Залівай! »- рассмяялася Ганна. Я вярнуўся ў інтэрнат, пазваніў дадому (памятаю, тата падняў слухаўку, здзівіўся, але сказаў «добра» і заўважыў, што да яго можна звяртацца не «бацька», а «тата», так ва Унорыцы казалі заўжды.... І ўсе».
Распавяла Таццяна Севярынец і ўласную гісторыю: як яна, настаўніца расейскай мовы і літаратуры, прыйшла да роднай мовы ўжо ў сталым узросце, «бо да таго была цалкам «абалваненая» сваім савецкім дзяцінствам, камсамольскім юнацтвам і гарачым жаданнем далучыцца да камуністаў»…
На прапанову спадарыні Таццяны, якую яна сама называе флэшмобам, адразу адгукнуліся іншыя карыстальнікі Фэйсбуку. Сваімі гісторыямі падзяліліся краязнаўца і літаратар з Верхнядзвінску Антон Бубала, вядомая ці не кожнаму беларусу «маці пленэраў» з Германавічаў Ада Райчонак, іншыя людзі, неабыякавыя да лёсу беларускай мовы.
Чыста намінальна яна з’яўляецца ў Беларусі адной з дзвюх дзяржаўных, аднак у краіне, дзе тытульнай нацыяй ёсць беларусы, на роднай мове навучаецца ўсяго 1% школьнікаў, і цалкам адсутнічае перспектыва атрымання вышэйшай адукацыі па-беларуску. Больш за тое: прынцыповых носьбітаў роднай мовы беларускія ўлады залічваюць у экстрэмісты, грэбліва і падкрэслена па-беларуску называючы «свядомымі», «змагарамі» і гд.
Таму Дзень роднай мовы, які ў свеце адзначаюць 21-га лютага, для ўсіх прыхільнікаў беларускай мовы мае выключнае значэнне. У гэты дзень яны дэкларуюць не толькі любоў да роднага слова, але і адданасць яму, нягледзячы ні на якія выпрабаванні і перашкоды.
Эмілія Протас