Пятніца, 20 Май 2022

Уладальнік беларускага паба ў Кіеве: Дзяўчына з Бучы, якая ў нас хавалася, на знак удзячнасці беларусам назвала дачку Алесяй

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

У Віцебску арт-паб «Торвальд» быў культавым месцам для гараджан, у Кіеве «Торвальд» стаў месцам духоўнай сілы для беларусаў, якія вымушана пакінулі Радзіму. Уладальнік арт-паба Віталь Броўка — адзін з тых, хто таксама з’ехаў за мяжу з-за ціску на бізнес у Беларусі. Ён дагэтуль застаецца ў Кіеве. З ім пагутарыла «Салідарнасць».

— Натуральна, у мяне ніколі не было ніякіх ілюзій наконт пуцінскага рэжыму і ўвогуле расійскага імперыялізму, але ў тое, што ён здатны ў XXI стагоддзі аж на такое прымітыўнае архаічнае ўварванне з ударамі па мірных гарадах, у гэтае, канешне, не верылася, — кажа суразмоўца. — Я адношуся якраз да тых наіўных, хто яшчэ 23 чысла не верыў, што ўсё пачнецца і што пачнецца менавіта так.

Хаця мы дзейнічалі па прынцыпе «хочаш міра — рыхтуйся да вайны». У «Торвальдзе» напярэдадні праходзілі лекцыі з практычнымі заняткамі па паводзінах цывільных асобаў ва ўмовах баявых дзеянняў у гарадах, ва ўмовах нападу.

Слухаць гэтыя лекцыі збіралася шырокая аўдыторыя, пераважна беларусы, якія знаходзіліся ў Кіеве, але прыходзілі і жыхары суседніх кварталаў.

Чыталі лекцыі дасведчаныя аб вайне беларусы, ветэраны АТО. Зараз гэтыя людзі з’яўляюцца інструктарамі батальёна імя Кастуся Каліноўскага. Але нават яны ў тыя дні выказвалі спадзяванні, што вайна ўсё ж не прыйдзе ў Кіеў і іншыя рэгіёны Украіны, што яна будзе лакалізаваная на Данбасе. Але рыхтавалі ўсіх.

Разам з міжнароднымі медычнымі арганізацыямі ў нас быў запланаваны шэраг курсаў па аказанні першай дапамогі і падрыхтоўцы парамедыкаў. Якраз на 24-25 лютага быў прызначаны старт гэтых курсаў. Такім чынам, усім адразу прыйшлося перайсці да практычных дзеянняў.

— Штосьці з пачутага падчас лекцый прыйшлося потым прымяняць на практыцы?

— Трэба сказаць, што наш арт-паб быў адчынены ў старым савецкім бомбасховішчы. Таму і ў гэтым плане мы таксама былі лепей за іншых падрыхтаваныя да вайны.
Уся каманда «Торвальда» не згубілася падчас гэтай нечаканкі і вельмі хутка і зладжана прыступіла да каардынацыі людзей пад бамбёжкамі і абстрэламі. З першага дня ў арт-пабе знайшлі прытулак больш за сотню людзей.

А калі па Кіеве стала прылятаць у жылыя дамы, у нас хаваліся і па 170 чалавек. Гэта былі і студэнты навучальнай установы, якая знаходзіцца побач, і іх выкладчыкі, таксама жыхары навакольных кварталаў, іх родныя, якія пераехалі з іншых раёнаў Украіны. У асноўным моладзь, пажылыя людзі, маладыя бацькі з немаўлятамі.

Мы арганізавалі кругласуткавае знаходжанне ўсіх гэтых людзей, іх бытавое забяспячэнне, трохразовае бясплатнае гарачае харчаванне. Адразу ж у першы дзень калектыў арт-паба пачаў рабіць запас вады, медыкаментаў, прадуктаў.

Не было ніякай панікі, было разуменне адказнасці за жыццё і здароўе людзей, якія апынуліся ў нас.

Было разуменне, што для гэтага трэба рабіць, як дзейнічаць, як маскавацца, бо, вы ведаеце, што ў Кіеве ў тыя дні дзейнічала шмат дыверсійных груп.


Мы не асвятлялі месцазнаходжанне свайго прытулку і валанцёрскага цэнтру, каб не стаць аб’ектам нападу, бо разумелі беспрынцыпнасць расійскіх войскаў.

У нас было ўтульней, чым у метро. Валанцёры нашага сховішча вельмі стараліся, каб было дастаткова бяспечна і камфортна для ўсіх.

— Хто дапамагаў вам матэрыяльна ў гэты час, бо, зразумела, што ваша ўстанова ўжо нічога не зарабляла?

— Спачатку мы кінулі на закупку прадуктаў усю «абаротку», што заставалася ў пабе. Плюс у нас быў свой пэўны запас прадуктаў. Іх мы таксама раздалі людзям. А потым валанцёры абвясцілі збор сродкаў, і тыя ж людзі, якія ў нас былі, прыносілі — хтосьці бульбу, хтосьці капусту, у каго што было, таксама неслі грошы.

Дапамагала харчаваннем і вадой і Міжрэгіянальная Акадэмія кіравання персаналам, ведаючы, што ў нас знайшлі прытулак іх студэнты і настаўнікі. Магу сказаць, што салідарнасць людзей у тыя дні была проста неймаверная!

— Вы так рашуча ўключыліся ў дапамогу, а ці былі ў вас думкі з’ехаць з Украіны?

— Не, Украіну я не збіраўся пакідаць. Я вельмі аптымістычна быў упэўнены, што ворага адкінуць хутка і што ўвогуле вельмі хутка адбудзецца пералом на карысць Украіны і вайна не зацягнецца.

Да таго ж я не губляў сувязі з сябрамі, якія былі на фронце, і з самага пачатку ведаў і пра абсалютны непрафесіяналізм расійскіх войскаў, і пра іх тактычныя і стратэгічныя памылкі.

— Ці падтрымліваеце вы кантакты з кімсьці з тых беларусаў, якія чыталі ў вас лекцыі напярэдадні вайны? Яны зараз змагаюцца ў батальёне Каліноўскага?

— Так. Баявы дух і загартаванасць, перакананасць у перамозе беларускіх ваяроў таксама надавалі аптымізму. Але я істотна памыляўся наконт часу, які працягнецца гарачая фаза вайны, здавалася, што яна будзе значна больш хуткацечнай і не пяройдзе ў такую зацяжную.

Зараз відавочна, што яна не скончыцца заўтра, на жаль. Па той сітуацыі, як цяпер выглядае Кіеў, як развіваюцца падзеі на фронце, вяртанне да мірнага жыцця ў гэтым годзе, калі і чакае нас, то толькі пад самыя Каляды.

— І ўсё ж за гэтыя тры месяцы ці адчулі вы пералом да мірнага жыцця?

— У нейкі момант па валанцёрскіх справах я мусіў з’ехаць з Кіева, дапамагаў арганізоўваць прытулак для ўцекачоў у Букавіне, пад Чарнаўцамі. Вярнуўся якраз у тыя дні, калі з Кіеўскай, Чарнігаўскай і Сумскай абласцей адкінулі акупантаў.

У дзень, калі я прыехаў, гэта быў яшчэ абсалютна ваенны горад з процьмай блокпастоў, з пастаяннымі праверкамі дакументаў, непрацуючы і забарыкадаваны. А літаральна праз некалькі дзён мы ўжо назіралі, як вызваляліся дарогі, адкрываўся праезд па мастах, горад вяртаўся да колькі-небудзь нармалёвага функцыянавання.
Адчыніліся кавярні, і ў некаторых раёнчыках, дзе людзі сядзяць на летніх церасах з кавай, жыццё ўвогуле выглядае амаль мірным. З кожным днём у Кіеў вяртаецца ўсё больш і больш людзей.

— Як ставіліся да вас украінцы? Усё ж гэта была беларуская ўстанова, асабліва ў першыя дні вайны ў бок беларусаў адчуваўся і хейт, і пагрозы.

— Так, і калектыў паба, і шмат валанцераў — беларусы. І сам паб беларускі. Дык вось, ні разу не было ніякага негатыву ў наш адрас!

Людзі бачылі нашыя справы і былі вельмі ўдзячныя. Быў вельмі сімвалічны выпадак. Ужо пасля таго, як ад Кіева былі адкінутыя акупанты і большасць людзей вярнулася ў свае кватэры, да нас прыйшла пажылая жанчына спецыяльна, каб выказаць удзячнасць.

Яна хавалася ў нас са сваёй вялікай сям’ёй, у якой былі немаўляты і цяжарная жанчына, яе хросніца з Бучы. Там іх дом разбамбілі, яны ўцякалі амаль без рэчаў. Мы забяспечылі іх усім, чым змаглі.

Жанчына распавяла, што яе хросніца нарадзіла дачку і на знак павагі і ўдзячнасці беларусам за тое, як ёй дапамагалі ў самыя цяжкія дні, за той клопат і турботу, яны вырашылі назваць дачку беларускім імем Алеся, менавіта праз «а». Мы жартавалі, што трэба дзяўчынцы хросных з нашага калектыву.

— Як усе скончыцца ва Украіне, прыблізна разумеюць усе, а вось як усё скончыцца ў Беларусі, ці звязаныя падзеі ў нашых краінах?

— Безумоўна, звязаныя. Тэктанічныя зрухі пачаліся ва ўсім рэгіёне. Вайна — заўсёды вялізны пералом. Я маю надзею, што гэта вайна ў гістарычным сэнсе скончыцца прыблізна так, як Першая сусветная, Імперыялістычная, — падзеннем імперыі і вызваленнем ад расійскага гнёту не толькі Украіны, але і Беларусі, істотна зменшыцца альбо знікне і пагроза з расійскага боку іншым краінам і народам.

На жаль, за гэтую магчымасць зараз гінуць людзі ва Украіне, а ў нас на Беларусі шмат людзей сядзяць у турмах і хаваюцца ад рэпрэсій. І гэта таксама нагадвае сітуацыю, якая была напачатку XX стагоддзя.

Я спадзяюся, што ўсё не дарэмна, і што Беларусь праз гэтыя падзеі таксама атрымае шанец крута змяніць сваю гісторыю.