У першым і адзіным матэрыяле «моўнай» рубрыкі (да чаго ў яе назве замежнае слова «кейс», сказаць цяжка) – гэта апытанка. Выкарыстаўшы стары, як свет, прыём, аўтары ідэі папрасілі перакласці на расейскую мову словы «патэльня», «дыван», «абрус», «разынка», «аматар», «ануча», «зязюля», «кава», «казуля», «клопат», «ныркі», «алей», «сняданак», «арэлі», «страхар», «канапа», «сукенка», «панчохі» і іншыя.
У эксперыменце ўзялі ўдзел 50 чалавек. Якім чынам і дзе праходзіў адбор, засталося «за кадрам», але вынік аказаўся прадказальны. Знайшліся людзі, якія не ведалі значэння беларускіх словаў, а таму пераклалі «абрус» як «арбуз», «патэльню» як «котельную», «сняданак» як «крыльцо» і гэтак далей.
Зрабіўшы дзіўнаватую выснову, што ва ўсім вінаватая «трасянка», на якой «у нас вырасла не адно пакаленне», аўтарка артыкула Наталля Чарнічэнка заклікала: «Давайце вучыць мову разам!» На гэтым, уласна, усё і скончылася.
Гэтая гісторыя не будзе цалкавітай, калі абысці ўвагай стаўленне да беларускай мовы з боку рэдакцыі. Можна было б даць веры памкненню «вучыць мову разам», каб рэдакцыйная палітыка хаця б улічвала гэты аспект. Але ж не: сайт газеты «Віцьбічы» не мае беларускамоўнай версіі, і адзіны раздзел, дзе можна прачытаць тэксты на беларускай мове, – гэта «Культура», і тое не часцей, як раз на месяц. Банэр рубрыкі «Бацькаўшчына» не працуе ўвогуле: ён аўтаматычна прыводзіць на галоўную старонку сайта газеты. Нават пра падзеі, у асвятленні якіх беларуская мова сама просіцца ў радкі, – літаратурнае свята ў Гарадку, прысвечанае паэме «Тарас на Парнасе», або новы спектакль тэатру «Лялька» – аўтары пішуць на рускай мове.
Прынцыпу раўнапраўя дзвюх дзяржаўных моваў у газеце не прытрымліваюцца аніяк, ігнаруючы правы і інтарэсы беларускамоўных спажыўцоў інфармацыі. Так што «вучыць мову разам» найлепей спачатку ў рэдакцыі, а потым ужо ісці з гэтай прапановай да чытачоў.
Юрый Мялешка