«Пад цэнтар для перасяленцаў у Днепрапятроўску адведзены былы інтэрнат трамвайнага ўпраўленьня. Цэнтар функцыянуе як пункт прыёму людзей, якія вымушаныя былі зьехаць з Данбасу. У цэнтры адначасова можа разьмяшчацца да 200 чалавек», – распавёў Павал Левінаў.
Праваабаронца зьвярнуў асаблівую ўвагу на ўмовы пражываньня перасяленцаў: «Яны забясьпечваюцца спальнымі месцамі, прадуктамі харчаваньня і месцамі для гатаваньня ежы. У цэнтры працуюць сацыяльныя гурткі для ўсіх узростаў, маецца спартовая заля і месца для адпраўленьня рэлігійных абрадаў. У сярэднім тэрмін знаходжаньня ў цэнтры складае каля тыдня. За час працы цэнтру празь яго прайшло больш за 27 тысяч чалавек».
Праваабаронца распавёў, што ў Днепрапятроўскай вобласьці было пабудавана пяць модульных гарадкоў: у самым Днепрапятроўску, а таксама ў Крывым Рогу, Нікапалі, Днепрадзяржынску і Паўлаградзе. Гэтыя гарадкі пабудаваныя на грошы ўраду Нямеччыны. У агульнай складанасьці яны здольныя прыняць на пражываньне дзьве тысячы перасяленцаў з амаль 100 тысяч зарэгістраваных. Наогул жа, каля 60% перасяленцаў пражываюць у арэндаваным жытле, 30% – у сваякоў, і 6% – у дзяржаўных інтэрнатах.
Модульны гарадок для перасяленцаў, які знаходзіцца ў Днепрапятроўску, вонкава нагадвае будаўнічую пляцоўку: аднатыпныя «вагончыкі» – каробкі белага колеру. Недалёка ад цэнтру ёсьць уся неабходная інфраструктура: школа, дзіцячы садок, паліклініка. Выдаткі па ўтрыманьні гарадкоў большай часткай нясуць мясцовыя бюджэты, самі ж перасяленцы павінны плаціць усяго па 150 грывень з чалавека у месяц. Арэнда жытла ў горадзе абыйдзецца на парадак больш.
Паўлу Левінаву ўдалося пагутарыць з насельнікамі цэнтру. На ўмовы пражываньня перасяленцы ня скардзяцца – лепш жыць у цесным памяшканьні, падобным да купэ вагону, чымся дома пад абстрэламі. «Людзі жывуць сёньняшнім днём, – распавёў віцебскі праваабаронца. – Пра свае разбомбленыя кватэры на Данбасе стараюцца не ўспамінаць і не будуюць плянаў на будучыню. Тым ня менш мараць вярнуцца дадому – калі скончыцца акупацыя, і Данбас зноў стане ўкраінскім».
https://viciebskspring.org/news/mihranty/item/108-paval-levina-zatsikavi-sya-yak-va-kraine-dapamagayuts-perasyalentsam#sigProId3b70e2dc19