Вядзецца пра наступнае. 31 сьнежня 2016 году Павал Левінаў у вопратцы Дзеда Мароза на рагу вуліц Леніна і Замкавай меў намер павіншаваць жыхароў і гасьцей гораду з надыходзячым 2017 годам і Раством Хрыстовым. Імавернасьць таго, што праваабаронцу дазволяць правядзеньне пікету нават з такім нявінным намерам, была роўная практычна нулю. Бо рашэньнем Віцебскага гарвыканкаму № 881 «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску» ад 10 ліпеня 2009 году былі вызначаныя канкрэтныя месцы для правядзеньня масавых мерапрыемстваў у горадзе. Акрамя таго, згодна з гэтым рашэньнем заяўнік абавязаны заключыць дамовы на аказаньне паслуг з адпаведнымі гарадзкімі службамі на ахову грамадзкага парадку, мэдычнае забесьпячэньне і прыбіраньне тэрыторыі пасьля імпрэзы. І, як паказала практыка, з моманту набыцьця моцы рашэньнем гарвыканкаму выканаць усе яго патрабаваньні пакуль нікому не ўдавалася.
Незалежнымі экспэртамі і праваабаронцамі ня раз адзначалася, што рашэньне гарадзкіх уладаў супярэчыць Канстытуцыі і Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох, але ўладу гэта зусім не турбуе; як той казаў, воз і цяпер там.
У 2009 годзе віцебскаму праваабаронцу ўжо адмаўлялі ў правядзеньні абсалютна такога самага пікету з абсалютна такім самым намерам. Дык навошта ж яму трэба ў чарговы раз наступаць усё на тыя ж граблі?
Рэч у тым, што, прайшоўшы ўсе ступені аспрэчваньня рашэньня раённай адміністрацыі ўнутры краіны сем гадоў таму, Павал Левінаў падаў быў скаргу ў Камітэт па правох чалавека ААН. У 2016 годзе скарга была разгледжаная, і ў сваіх высновах камітэт адзначыў, што патрабаваньні, выкладзеныя ў рашэньні №881, зьяўляюцца цяжкімі і робяць ілюзорным права грамадзян на мірныя сходы. Паколькі «дзяржава ня здолела прывесьці ніякіх довадаў наконт таго, чаму патрабаваньні на заключэньне дамоваў з гарадзкімі службамі неабходныя ў інтарэсах нацыянальнай або грамадзкай бясьпекі, грамадзкага парадку, аховы здароўя ці маралі насельніцтва, для абароны правоў і свабодаў іншых асобаў, камітэт заключыў, што прадстаўленыя яму факты сьведчаць пра парушэньне правоў аўтара [Паўла Левінава] паводле артыкулу 19 [права на свабоднае выказваньне свайго меркаваньня] і паводле артыкулу 21 [права на мірныя сходы] Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правох».
Прамаўляючы ў судовых спрэчках, Павал Левінаў сказаў, што яго довады наўрад ці паўплываюць на рашэньне суду. Праваабаронца адзначыў, што гарантаваныя Канстытуцыяй грамадзянскія і палітычныя каштоўнасьці ў рэчаіснасьці дратуюцца. Ён зьвярнуў увагу суду на тое, што Рэспубліка Беларусь, абвясьціўшы сябе дэмакратычнай і прававой дзяржавай, мусіць выконваць добраахвотна ўзятыя на сябе абавязкі ў межах міжнародных пагадненьняў.
Віцебскі праваабаронца меў рацыю: усе яго аргумэнтаваныя довады і прадстаўленая доказная база, падмацаваная дакументальна, на рашэньне суду не паўплывалі. Суд Чыгуначнага раёну гораду Віцебску ў асобе судзьдзі Сьвятланы Варатынскай вынес чаканае рашэньне і адмовіў Паўлу Левінаву ў задавальненьні скаргі на дзеяньні намесьніцы кіраўніка адміністрацыі Чыгуначнага раёну Віцебску Натальлі Ляпёшкінай.
Павал Левінаў пракамэнтаваў рашэньне суду: «Сытуацыя дайшла да абсурду: у Рэспубліцы Беларусь Дзядам Марозам забаранілі віншаваць на вуліцы грамадзян з Новым годам. Цяпер іх дзеяньні фактычна падпадаюць пад парушэньне заканадаўства аб адміністрацыйнай адказнасьці. Каб гэтага ня здарылася, трэба запытвацца дазволу, але орган улады гэтага дазволу не дае. Нягледзячы на рашэньне Камітэту ААН па правох чалавека, які ў дзеяньнях раённай адміністрацыі, што забараніла мне правядзеньне такога самага пікету ў 2009 годзе, прызнаў парушэньне маіх правоў, у 2016 годзе сытуацыя паўтарылася. Мне зноў забаранілі рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права, а суд зноў стаў на бок службовай асобы органа дзяржаўнай улады, не зважаючы ні на міжнародныя забавязаньні нашай дзяржавы, ні на Канстытуцыю. Выходзіць, што лякальны нарматыўны акт Віцебскага райвыканкаму вышэйшы за Канстытуцыю і міжнародныя нормы».
С. Горкі