Прадстаўнікі «Справядлівага Свету» правялі мітынг з элементамі тэатральнай пастаноўкі. Каб пазбегнуць магчымых інцыдэнтаў, такіх як у 2018 годзе, калі прадстаўнікі дзвюх партый не маглі падзяліць пляцоўку перад помнікам, напэўна, і было прынятае рашэнне правесці асобныя акцыі. Тады справа дайшла амаль да бойкі.
30 камуністаў і Дзядзінкін
А 10-й раніцы прыхільнікі КПБ сталі падцягвацца да будынку філармоніі. На вуліцы імжыла, праўладныя камуністы хаваліся пад дахам на ганку будынку. Роўна ў 10.00, па камандзе, пайшлі да помніка – каля 30 чалавек на чале з першым сакратаром Аляксандрам Дзядзінкіным.
Ніякіх прамоваў і мітынгаў не ладзілі – усклалі кветкі, разбіліся на невялікія купкі і абмяркоўвалі свае справы. Двое пенсіянераў вырашалі, у якой кавярні лепш адзначыць дзень «вялікага кастрычніка». Ужо праз 10 хвілін людзі пачалі разыходзіцца. Мяркуючы па прысутнасці машыны хуткай дапамогі і супрацоўнікаў міліцыі, якія хаваліся ад дажджу пад ялінай, акцыя была ўзгодненая з мясцовымі органамі ўлады.
«Калі будуць арыштоўваць – нічога дзіўнага»
Бліжэй да 11.00 на плошчы пачалі з'яўляцца прыхільнікі партыі «Справядлівы Свет» і людзі, якія не падтрымліваюць сённяшнюю ўладу. Хуткая дапамога да гэтага часу ўжо зʼехала. Засталіся дзяжурыць на плошчы адно міліцыянты і людзі ў цывільным. Па словах сябры партыі «Справядлівы свет» Вадзіма Кузьміна, заяўка на правядзенне мітынгу таксама падавалася, але афіцыйнай паперы з дазволам, як звычайна, яны не атрымалі. «Дык калі будуць арыштоўваць – нічога дзіўнага», – папярэдзіў. Але абышлося без затрыманняў.
У адрозненне ад «узгодненых камуністаў», нелаяльныя да ўлады прыхільнікі ідэі сусветнай рэвалюцыі прыйшлі з яркімі плакатамі і транспарантамі, зладзілі невялікі мітынг. Традыцыйна выступіў «малады Ленін» і яшчэ некалькі яркіх «рэвалюцыянераў». Адзін з пенсіянераў, які стаяў у старонцы ад мітынгоўцаў, абураўся сённяшнім станам спраў у краіне і заяўляў, што «усіх чыноўнікаў трэба пасадзіць у клеткі».
«Там даўно з імі разабраліся б»
Мітынг прыцягнуў увагу нешматлікіх мінакоў. Дзве жанчыны, якія ішлі міма, спыніліся і ўступілі ў дыскусію: заявілі, што яны прыхільнікі Лукашэнкі і што ён правільна робіць, арыштоўваючы людзей, незадаволеных уладай. Па іх словах, яны добра памятаюць Савецкі Саюз – і «там даўно з імі разабраліся б».
Няўзгодненая з мясцовымі ўладамі акцыя прайшла без затрыманняў. Ні з кім «разбірацца» не сталі. Памітынгаваўшы 30 хвілін, людзі пачалі разыходзіцца. «Малады Ленін» пайшоў з плошчы. За ім услед рушыла большая частка людзей. Плакаты і транспаранты ўжо былі згорнутыя…
Уладзімір Бяляўскі