Субота, 23 Май 2015

У Воршы забаранілі 6 пікетаў АГП

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аршанскі райвыканкам не дазволіў зладзіць пікеты. Усяго партыйныя актывісты падавалі заяўкі на 6 пікетаў. Зь іх тры мусілі прайсьці 24 траўня ў вызначаных для такіх мерапрыемстваў месцах: каля кавярні “Аронія”, у Парку Герояў і ў парку льнокамбінату. Яшчэ тры павінны былі прайсьці ў тых самых месцах 25 траўня.

Мэта пікетаў: давесьці да жыхароў гораду пазыцыю партыі аб недапушчэньні ўвядзеньня ў краіне прымусовай працы, што прадугледжана дэкрэтам прэзыдэнта №3.

Аднак, традыцыйна для Воршы, заяўкі на пікеты закруціліся на “карусэлі” забаронаў. Міліцыя адмовілася падпісваць з арганізатарамі дамову на ахову парадку, матывуючы гэта тым, што на правядзеньне пікетаў ня даў дазволу выканкам. А выканкам у сваю чаргу матываваў сваю адмову тым, што арганізатары не заключылі дамову зь міліцыяй. Мэдычныя работнікі, як і раней, спаслаліся на тое, што ў іхным прэйскуранце паслуг не прапісанае платнае абслугоўваньне масавых мерапрыемстваў, хаця без аказаньня такой паслугі масавае мерапрыемства, згодна з рашэньнем уладаў, правесьці немагчыма.

orsha.eu