«Лічу, што сыстэматычныя адмовы ў правядзеньні масавых мерапрыемстваў з боку улады ёсьць замах на фундамэнтальныя правы і свабоды. Такая палітыка не спрыяе разьвіцьцю грамадзянскай супольнасьці ды зьніжае палітычную актыўнасьць грамадзян», – пракамэнтаваў забарону пікету яго заяўнік праваабаронца Леанід Сьвецік.
Зрэшты, здаецца, менавіта зьніжэньне палітычнай актыўнасьці грамадзян і ёсьць мэтай віцебскіх уладаў, якія за апошнія некалькі гадоў не дазволілі ніводнай мірнай акцыі апазыцыйных палітыкаў і праваабаронцаў. Прычым, нагадаем, часам даходзіла да абсурду, калі забараняліся пікеты працягласьцю ўсяго ў адну хвіліну, альбо сустрэча грамадзян у гарадзкой лазьні, бо такія мерапрыемствы, на думку ўладаў, можна праводзіць толькі пры наяўнасьці дамоваў на іх абслугоўваньне з мэдыкамі, камунальнікамі і міліцыяй.