У сваіх апошніх лістох на волю Міхаіл Ігаравіч прасіў выслаць яму гадзіньнік і радыёпрымач. Гадзіньнік яму патрэбен для таго, каб не парушаць рэжым адбыцьця пакараньня, а прымач дапаможа быць у курсе падзеяў, якія адбываюцца ў краіне. Акрамя атрыманьня інфармацыі, з дапамогай прымача ён зьбіраецца разнастаіць свой вольны час, праслухоўваючы забаўляльныя радыёперадачы.
Таксама Міхаіл прасіў выслаць яму як мага больш пісчай паперы: ён мае намер падаваць наглядную скаргу ў Вярхоўны суд, а для гэтага неабходна весьці інтэнсіўнае ліставаньне са сваім абаронцам. Таксама папера патрэбная, каб падтрымліваць паштовую сувязь з калегамі-праваабаронцамі і сябрамі.
Пра ўсё гэта палітвязень паведаміў праваабаронцу Леаніду Сьвеціку, які вядзе няспыннае ліставаньне зь вязьнем ПК-14.
На заклік аказаць Міхаілу Жамчужнаму гуманітарную дапамогу адразу ж адгукнуўся прадстаўнік Рэспубліканскага праваабарончага грамадзкага аб'яднаньня «Беларускі Хэльсынскі камітэт» па Віцебскай вобласьці Павал Левінаў. Праваабаронца перадаў Міхаілу свой мэханічны гадзіньнік. «Хай носіць іх на здароўе і не атрымлівае заўваг за парушэньне рэжыму!» - пракамэнтаваў свой учынак спадар Левінаў.
Журналістка Алена Сьцяпанава ахвяравала Жамчужнаму партатыўны радыёпрымач. Гэты акт міласэрнасьці журналісткі лягічны і зразумелы: каму, як не журналістам, разумець важнасьць пераадоленьня «інфармацыйнага голаду» для ізаляваных ад вонкавага сьвету вязьняў. Ня менш важна для іх таксама прысутнасьць прыпаднятага маральнага духу і добры настрой.
Камплект пісчай паперы перадаў свайму земляку віцебскі прадпрымальнік, які папрасіў не назваць ягонага імя ў СМІ. «Добрыя справы трэба рабіць без агалоскі і самарэклямы», - патлумачыў сваё інкогніта бізнэсовец.
Віцебскі заснавальнік праваабарончай арганізацыі «Пляцформа» Міхаіл Жамчужны прысудам судовай калегіі па крымінальных справах Віцебскага абласнога суду ад 10 ліпеня 2015 году быў прызнаны вінаватым у зьдзяйсьненьні шэрагу злачынстваў і асуджаны да шасьці з паловай гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ва ўмовах строгага рэжыму. У сьнежні 2015 году праваабарончыя арганізацыі Беларусі прызналі, што асуджэньне Міхаіла Жамчужнага зьяўляецца неабгрунтаваным і палітычна матываваным, і запатрабавалі неадкладнага перагляду прынятага ў дачыненьні да яго прысуду.
https://vitebsk.dns.army/news/palitvjazni/item/121-pasylka-dlya-palitvyaznya-mikhaila-zhamchuzhnaga#sigProId505a506f3a