Грамадзкі актывіст з Наваполацку Андрэй Гайдукоў 1 ліпеня быў прызнаны вінаватым у спробе наладзіць супрацоўніцтва з замежнай выведкай і асуджаны на 1,5 года зьняволеньня. Суд праходзіў за зачыненымі дзьвярыма. Дагэтуль невядома, ці прызнаў сябе вінаватым Андрэй Гайдукоў, ці адмаўляе абвінавачаньні.
Паводле намесьніка пракурора Віцебскай вобласьці Аляксандра Сідаровіча, зь якім пасьля суду гутарыла карэспандэнт «Комсомольской правды» в Белорусии», Андрэй Гайдукоў нібыта спрабаваў скантактавацца з ЦРУ, дзеля чаго перадаў ліст з прапановамі аб супрацоўніцтве свайму сябру, які выяжджаў за мяжу. Ліст Гайдукова ў ЦРУ трапіў на мяжы да беларускіх спэцслужбаў, якія далей кантралявалі кожны крок падазраванага Андрэя Гайдукова і арыштавалі яго ў момант, калі актывіст скарыстаў тайнік, закладзены нібыта амэрыканскімі шпіёнамі.