Нядзеля, 05 Сакавік 2017

Распачаўся суд пра перавод палітвязьня Міхаіла Жамчужнага ў турму

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

2 лютага суд Барысаўскага раёну распачаў разгляд справы па накіраваньні заснавальніка «Платформ інавэйшан» Міхаіла Жамчужнага з папраўчай калёніі №14 ў турму. Судовы разбор працягнецца 23 лютага.

Справу пра зьмену рэжыму ўтрыманьня для палітвязьня ініцыявала адміністрацыя папраўчай калёніі, дзе праваабаронца зь Віцебску адбывае пакараньне. Падставаю паслужылі спагнаньні, якія былі вынесеныя Міхаілу Жамчужнаму за розныя парушэньні, якія ён нібыта зьдзейсьніў падчас адбыцьця пакараньня, у тым ліку зьмяшчэньне яго ў ШЫЗА і ПКТ.

Судовы працэс праходзіць на тэрыторыі калёніі №14. Судзьдзя – Яўген Манышаў.

Своечасова пісьмовыя заявы адносна магчымасьці прысутнічаць на судовым паседжаньні накіравалі ў суд Барысаўскага раёну праваабаронцы Валянцін Стэфановіч, Павал Сапелка і Тацяна Рэвяка. Не дачакаўшыся  пісьмовага адказу, Тацяна Рэвяка 1 сакавіка датэлефанавалася да суду. Сакратарка адказала, што ёй адмоўлена ў праве прысутнічаць на судовым працэсе, спаслаўшыся на тую акалічнасьць, што трэба, маўляў, зьвяртацца па дазвол у Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч не хавае свайго абурэньня: «Аргумэнт судзьдзі пра зварот па дазвол у Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў – беспадстаўны і незаконны. Толькі судзьдзя вызначае парадак вядзеньня судовага працэсу і забясьпечвае прынцып публічнасьці і адкрытасьці. А прычыны, каб рабіць такім чынам працэс закрытым, адсутнічаюць. Таму будзем абавязкова абскарджваць рашэньне судзьдзі як незаконнае, якое парушае артыкул 23 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу і пастанову Пленуму Вярхоўнага суду ад 2016 году».

Дарэчы, у траўні 2015 года юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка ў аналягічнай сытуацыі зьвяртаўся ў Вярхоўны суд Беларусі для атрыманьня тлумачэньня парадку доступу грамадзян у выязныя судовыя паседжаньні на тэрыторыі месцаў пазбаўленьня волі. Падставай паслужыў выпадак, калі некалькі праваабаронцаў, грамадзкіх актывістаў і журналістаў паспрабавалі патрапіць у судовае паседжаньне суду Шклоўскага раёну Магілёўскай вобласьці, дзе вырашалася аналягічнае пытаньне пра перавод палітвязьня Міколы Статкевіча ў турму.

Намесьнік старшыні Вярхоўнага суду адказаў юрысту наступнае: «Пры гэтым зьвяртаю Вашу ўвагу, што ў адпаведнасьці з арт. 281 КПК рашэньне пытаньняў пра месца і час судовага разбору, арганізацыі судовага паседжаньня належыць да выключнай кампэтэнцыі судзьдзі, у вытворчасьці якога знаходзіцца справа. Рашэньне пра ўваход на тэрыторыю ПК № 17, установы са спэцыяльным прапускным рэжымам, прымаецца начальнікам гэтай установы. Довады пра невыкананьне судом палажэньняў ч.1 арт. 287 КПК неабгрунтаваныя. Разгляд прадстаўленьня праходзіў у адкрытым судовым паседжаньні».

Судзьдзя, разгледзеўшы хадайніцтвы Міхаіла Жамчужнага, прыняў рашэньне перанесьці судовае паседжаньне на 23 сакавіка, паколькі ня ўсе скаргі палітвязьня на вынесеныя адміністрацыяй калёніі спагнаньні, разгледжаныя ў судовым парадку.

Заснавальнік «Платформ Інавэйшан» Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 году быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суду разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш суворае пакараньне – шэсьць з паловай гадоў пазбаўленьня волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у зьдзяйсьненьні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч. 5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторваньні да наўмыснага раскрыцьця зьвестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцьці і збыце спэцыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для таемнага атрыманьня інфармацыі, у тым ліку – паўторна; дачы хабару і дачы хабару паўторна.

Беларускімі праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітычным вязьнем.

spring96.org