Панядзелак, 06 Красавік 2020

Праваабаронца: Перапіска з палітвязьнем Жамчужным перарвалася

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)

Віцебскія праваабаронцы перасталі атрымліваць лісты ад палітвязьня Міхаіла Жамчужнага. Магчымыя прычыны: поўная ізаляцыя палітвязьня ў сувязі з пандэміяй COVID-19 альбо этапаваньне ў Горацкую калёнію, мяркуе праваабаронца Леанід Сьвецік.

«Больш за два тыдні ад палітвязьня Міхаіла Жамчужнага я не атрымліваў лістоў, таму раблю высновы: альбо Міхаіла ў сувязі з пандэміяй коронавірусу ізалявалі, альбо сьледзтва скончылася і яго этапавалі ў Горкі», – паведаміў «Віцебскай вясьне» праваабаронца Леанід Сьвецік.

У лісьце, які Сьвецік атрымаў ад Жамчужнага раней (дата адпраўленьня 20 сакавіка), гаварылася, што пастанову аб працягу сьледзтва яшчэ на месяц сьледчы ня вынес. Такім чынам, ёсьць вялікая верагоднасьць, што сьледзтва скончанае і Жамчужнага вярнулі ў Горацкую калёнію №9.

Чаму Жамчужнага ўтрымліваюць (-лі) ў Віцебскім СІЗА

Знаходжаньне палітвязьня цягам месяца ў Віцебскім СІЗА патрабуе тлумачэньня.

Прычынай аднаўленьня сьледзтва было «недарасьсьледаваньне» крымінальнай справы па факце крадзяжу маёмасьці Жамчужнага. Справа была распачатая яшчэ ў лютым 2011 году і спыненая ў траўні 2016-га праз сканчэньне тэрмінаў даўнасьці. Не пагадзіўшыся з такім падыходам органаў сьледзтва, Жамчужны зьвярнуўся ў пракуратуру Віцебскай вобласьці.

«Пры разглядзе звароту Жамчужнага М.І. ўстаноўлена, што прыведзеныя ім довады ў частцы неналежнай ацэнкі органамі папярэдняга сьледзтва кошту выкрадзенай маёмасьці, непрыняцьці мер для праверкі пададзенай інфармацыі пра асобу, датычную да зьдзяйсьненьня злачынства, ды іншай значнай інфармацыі зьяўляюцца абгрунтаванымі», – адзначыў намесьнік пракурора Віцебскай вобласьці Уладзімер Гук.

Таму, улічваючы ўсе абставіны, 21 студзеня 2020 году пракурор адмяніў рашэньне сьледчага Віцебскага ГАСК Ішчука. Крымінальная справа з пісьмовымі ўказаньнямі для арганізацыі справаводзтва дадатковага папярэдняга сьледзтва была накіраваная начальніку Віцебскага ГАСК. Яму ж было даручана арганізаваць правядзеньне службовай праверкі па тым факце, што сьледчы не паведаміў Жамчужнаму аб спыненьні папярэдняга расьсьледаваньня. Калі факт парушэньня пацьвердзіцца, начальнік гарадзкога аддзелу СК мусіць вырашыць пытаньне аб прымяненьні мер узьдзеяньня ў дачыненьні да вінаватага.

Апроч таго, Жамчужнаму паведамілі пра тое, што пракуратура Віцебскай вобласьці «ўказала» пракурору Віцебску на неналежнае вывучэньне ягонымі падначаленымі матэрыялаў крымінальнай справы, што прычынілася да несвоечасовай адмены працэсуальнага рашэньня.

Леанід Сьвецік: Аб выніках даведаемся ня хутка

Праваабаронца Леанід Сьвецік спадзяецца на тое, што палітвязень Жамчужны яшчэ нейкі час будзе знаходзіцца ў Віцебскім СІЗА, бо пракуратура абавязала азнаёміць яго з матэрыяламі сьледзтва пасьля заканчэньня папярэдняга сьледзтва па крымінальнай справе.

«Але баюся, што грамадзкасьць ня хутка даведаецца аб выніках расьсьледаваньня, бо камунікацыя з Жамчужным цалкам прыпынілася праз захады, зробленыя УДВП Віцебскай вобласьці ў сувязі з бурлівым распаўсюдам у краіне каронавірусу», – выказаў заклапочанасьць Леанід Сьвецік.

Лявон Яфрэменка

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.