Панядзелак, 05 Красавік 2021

Палітвязень Міхаіл Беркас, якога асудзілі за графіці «Жыве Беларусь!», хутка будзе на волі

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Міхаіл Беркас Міхаіл Беркас

Жыхар Воршы Міхаіл Беркас быў асуджаны 24 лютага на 30 сутак арышту паводле арт. 341 КК («Апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці»). Суддзя Мікалай Драгун (суд Аршанскага раёну) прызнаў яго вінаватым у нанясенні пратэставых графіці ў адным з раёнаў гораду. Пад варту Міхаіла Беркаса ўзялі 16 сакавіка, яго этапавалі ў віцебскі СІЗА-2. Праваабарончая супольнасць прызнала аршанца палітвязнем.

Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, надпісы «Жыве Беларусь», «3%» ды іншыя былі нанесеныя на будынак крамы, на кантэйнеры для збору смецця, шапікі «Табакерка» і іншыя будынкі і збудаванні. 21-гадовага Міхаіла Беркаса затрымалі ў лістападзе 2020 году падчас нанясення надпісаў.

Неўзабаве пасля затрымання ў дом, дзе разам з бацькамі жыве Міхаіл, наляцелі супрацоўнікі сілавых органаў.

«Прыехалі да нас праз два дні, зрабілі ператрус, забралі ўсю апаратуру, тэлефоны, ноўтбукі, флэшкі – усё забралі», – расказвае бацька палітвязня Аляксей Беркас.

Паводле яго, пад арыштам Міхаіл прабыў 6 дзён, але на час следства, да суду, яго адпусцілі. Яшчэ да вынясення судовай пастановы хлопец уладкаваўся на працу ў прыватную фірму, але атрымаць свой першы заробак так і не паспеў. Раней ён вучыўся ў Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, але на трэцім курсе забраў дакументы. Як кажа бацька, вучыўся добра, але ў нейкі момант зразумеў, што гэта не ягоная справа: не выносіў крыві і не хацеў прычыняць боль жывёлам.

Аляксей Беркас сцвярджае, што ўмовы ўтрымання ў віцебскім СІЗА ў сына нармальныя, стаўленне з боку адміністрацыі таксама людскае. У бацькі ўзялі дзве перадачы і дазволілі адно спатканне. Аднак патэлефанаваць родным Міхаілу не дазволілі, а лісты да дому пакуль не даходзяць.

Бацька палітвязня не асуджае ўчынкі свайго сына, нават наадварот – цалкам падзяляе ягоныя погляды на сітуацыю ў краіне.

«Я яго цалкам падтрымліваю. Таму што ўсё гэта няправільна, што цяпер адбываецца. Для нашай улады зараз няма закону. То бок ён ёсць, але выконваць яго павінны толькі мы, але не яны», – мяркуе спадар Аляксей.

Неўзабаве (у сярэдзіне красавіка) Міхаіл Беркас мае выйсці на волю. Бацькі, сябры і блізкія чакаюць яго на свабодзе.

Уладзімір Бяляўскі