Амністыя ад памілавання адрозніваецца тым, што не патрабуе прызнання віны, раскаяння і прашэння на імя прэзідэнта. Памілаванне гэтага патрабуе.
Сам жа ініцыятар вызвалення людзей, якія ўдзельнічалі ў пратэстах, праз памілаванне - фігура несамастойная і выконвае ролю сервіяльнай пракладкі паміж дзяржавай і палітвязнямі.
«Аднак улічваючы беспрэцэдэнтны ціск на краіну, шэраг міністэрстваў і ведамстваў, перш за ўсё сілавыя, прызналі амністыю немэтазгоднай на дадзеным гістарычным этапе. Таму гэтым людзям прапанавалі варыянт памілавання», – заявіў на інфарэсурсе «Смарт эфір» Васкрасенскі.
Праваабаронцы лічаць, што з боку зняволеных давярацца падобным палітыкам не зусім абачліва. Занадта шмат рызыкі стаць бязвольнай цацкай у руках палітыкана. І як следства падобнай легкавернасці - апынуцца падманутымі і хваравіта перажыць крушэнне надзей. Але гэта выбар кожнага, хто звярнуўся ці збіраецца звяртацца да ўладаў аб памілаванні.
Нагадаем, што Ян Дайліда – фігурант крымінальнай справы, распачатай за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту 6 верасня ў Гародні. Яму выставілі абвінавачанні паводле арт. 342 КК – «Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак», а таксама паводле арт. 364 КК («Гвалт у дачыненні да міліцыі»). Яго, а таксама двух іншых фігурантаў справу (Іллю Паланянкіна і Пятра Грэцкага) прызналі вінаватымі ў «актыўных групавых дзеяннях» на акцыі пратэсту. А менавіта ў тым, што «браліся за рукі (станавіліся ў счэпку), актыўна заклікалі іншых грамадзян удзельнічаць у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, кінулі неўстаноўлены прадмет у бок супрацоўнікаў МУС». Ян Дайліда сваёй віны не прызнаў. 9 сакавіка быў вынесены прысуд: тры з паловай гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»). Пракурор апратэставаў прысуд, палічыўшы яго занадта мяккім, але Гарадзенскі абласны суд пакінуў прысуд без зменаў. Ад 11 чэрвеня Ян Дайліда адбывае пакаранне ў папраўчай установе адкрытага тыпу №9.
Уладзімір Седзянеўскі - жыхар Гародні, асуджаны на 3 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу па арт. 364 КК і па арт. 342 КК. Справа была распачатая па падзеях у Гародні 6 верасня 2020 году. Паводле абвінавачання, Юрый Седзянеўскі і яго брат Уладзімір Седзянеўскі груба парушылі грамадскі парадак падчас акцый пратэсту, пагражаючы і ужываючы гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі. У справе фігуравалі 11 пацярпелых супрацоўнікаў міліцыі. Уладзімір не прызнаў сябе вінаватым. 27 чэрвеня ён пачаў адбываць пакаранне ва ўстанове адкрытага тыпу №9.
Віталь Кажух