Серада, 13 Кастрычнік 2021

«Я поўнасцю цяпер застаюся без падтрымкі». Блогер-палітвязень Шэры Кот даслаў ліст з калоніі

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)
Зьміцер Казлоў Зьміцер Казлоў

33-гадовы аўтар ютуб-каналу Шэры Кот - палітвязень Зміцер Казлоў, напісаў у лісце з папраўчай калоніі № 2, што поўнасцю застаўся без падтрымкі. Пра гэта паведаміла праваабаронца з Воршы Паліна Сцепаненка, якая пасля доўгага перапынку атрымала ліст ад Шэрага Ката, піша Радыё Свабода.

Змітра Казлова затрымалі 10 чэрвеня 2020 году разам з актывістамі «Еўрапейскай Беларусі». На наступны дзень яго арыштавалі на 20 сутак, але на волю ён не выйшаў. Супраць блогера завялі крымінальную справу па ч.1 арт. 342 ("Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх"). Суд прысудзіў яму пяць гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Спачатку блогер адбываў пакаранне ў магілёўскай турме № 4. Цяпер ліст, які атрымала знаёмая блогера Паліна Сцепаненка, прыйшоў з калоніі ў Бабруйску.

«Паколькі ў мяне няма блізкіх сваякоў, то цяпер ніхто ня можа мне аказаць ніякай дапамогі: ні перадач, ні грашовых пераводаў, ні тэлефанаванняў, ні спатканняў у мяне ня можа быць, - і я поўнасцю цяпер застаюся без падтрымкі», – піша зняволены блогер.

У лісце Шэры Кот піша, што атрымаў ліст Паліны Сцепаненкі ад 19 жніўня гэтага году ўжо ў Бабруйску напрыканцы верасня. Ён дзякуе ёй за падтрымку.

Паводле Паліны Сцепаненкі, ліст ад Змітра, які яна сёння атрымала ў Воршы, датаваны 6 кастрычніка.

«Доўгі час ад Змітра лістоў не было, і гэта першы ліст з калоніі ў Бабруйску. Я ведала, што павінен быў быць этап, але не ведала куды. Сёння атрымала ліст, і на ім уразіў знаёмы адрас на канверце: гэта тая самая калонія, дзе раней сядзеў Алесь Бяляцкі, а ў часы СССР – дысідэнт Міхаіл Кукабака», – кажа Паліна.

Паводле Паліны, блізкіх сваякоў у Змітра Казлова няма, яго бацькі памерлі.