Па версіі следства, абвінавачаны ўчыніў злачынныя дзеянні, адгукнуўшыся на заклікі пратэставых тэлеграм-каналаў разбураць інфраструктуру «Беларускай чыгункі». Следства сцвярджае наяўнасць доказаў таго, што ў кастрычніку 2020 году ў Віцебскім рэгіёне абвінавачаны ў мэтах замыкання рэйкавага ланцугу чыгуначных пуцей спрабаваў замацаваць падрыхтаваныя загадзя фрагменты металічнага кабелю.
Таксама следчыя ўпэўненыя ў тым, што Руслан Слуцкі ўласнаручна вырабіў металічныя «вожыкі», каб пашкодзіць аўташыны, і 14 лістапада 2020 году раскідаў іх на ўчастку шашы «Віцебск – Полацк». Гэтыя дзеянні прывялі да таго, што некалькі аўтамабіляў, якія ўдзельнічалі ў аўтапрабегу «За адзіную Беларусь!», пракалолі шыны.
Паводле экспертаў, сваімі дзеяннямі Слуцкі нанёс шкоду, роўную 600 рублям.
На думку следчых, менавіта ў гэтым дзеянні і заключаецца «акт тэрарызму» Руслана Слуцкага.
Таксама, следства прыйшло да высновы, што злачынствы не былі даведзеныя да завяршэння «па незалежных ад выканаўца прычынах».
На днях транспартная пракуратура пагадзілася з абвінаваўчым актам і накіравала крымінальную справу ў суд.
Віталь Кажух