Чацвер, 13 Студзень 2022

«Мне прыемна, што мае дзяўчынкі не забытыя...» Сям'і палітвязня Андрэя Новікава трэба дапамога

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Андрэй Новікаў на абвяшчэнні прысуду Андрэй Новікаў на абвяшчэнні прысуду

Праваабаронцы просяць падтрымаць палітвязня Андрэя Новікава і ягоную сям’ю. У сям’і Андрэя маленькая дачка з інваліднасцю, і ёй перыядычна трэба праходзіць працэдуры. Цяпер яна ляжыць у шпіталі. Але праз тое, што больніца знаходзіцца ў іншай вобласці, жонка палітвязня Вольга вымушаная аплачваць лячэнне дачкі.

Грамадзянін Расеі Андрэй Новікаў быў асуджаны 5 жніўня 2021 году судом Кастрычніцкага раёну Віцебску на два з паловай гады калоніі за незаконнае перасячэнне мяжы (арт 371-2 КК) і за арганізацыю групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт 342 КК). Ягоная сям'я жыве ў вёсцы Прусы Пастаўскага раёну.

У лістах з бабруйскай калоніі, дзе адбывае тэрмін, Андрэй Новікаў дзякуе за падтрымку сваёй сям’і: «Мне вельмі прыемна і заспакаяльна, што мае дзяўчынкі не забытыя і не абдзеленыя ўвагай у такой глыбінцы. Гэта многа значыць».

Андрэй Новікаў у якасці валанцёру руху «Краіна для Жыцця» прымаў актыўны ўдзел у выбарчай кампаніі 2020 года. Супраць яго была распачатая крымінальная справа па арт. 342. Сем месяцаў ён правёў у следчым ізалятары і быў дэпартаваны. Але вымушаны быў вярнуцца ў Беларусь, каб адвезці дзіця на лячэнне. Па вяртанні быў затрыманы і асуджаны.

  • Дапамагчы сям’і палітвязня: карта 5127 2292 3672 1447, 09/23.
  • Падтрымаць Андрэя Новікава лістамі: ПК №2. 213800, г. Бабруйск, вул. Сікорскага, 1, Новікаву Андрэю Анатольевічу.

Янка Прас