Інцыдэнт, інкрымінаваны Уладзіславу Макавецкаму, адбыўся падчас пратэставага шэсця ў раёне вуліцы Праўды ў Віцебску 6 верасня 2020г, калі міліцыянты распачалі бойку з мірнымі пратэстоўцамі. Макавецкі нібыта меў намер нанесці нагамі і рукамі ўдары супрацоўніку МУС Фядотаву і замахваўся падабранай з зямлі гумавай палкай на малодшага сяржанта Пятроўскага. Яму прад’явілі фотаздымак, дзе ён трымае гумовы дручок. Гэтым дручком яго ўдарыў міліцыянт, але ад удару дручок вылецеў з рукі сілавіка, а Макавецкі інстынктыўна падняў яго з зямлі.
18 верасня 2020 г. хлопца затрымалі, перад тым правялі вобшук у ягонай кватэры. Быў канфіскаваны шэраг артэфактаў, якія Уладзіслаў Макавецкі рэстаўраваў, бо ён аматар гістарычнай рэканструкцыяй. Неўзабаве пасля гэтага на афіцыйным Тэлеграм-канале МУС Беларусі з’явілася інфармацыя, што затрыманы «з’яўляецца сябрам моладзевага апазіцыйнага руху і сур’ёзна захапляецца фашысцкай сімволікай».
Уладзіслаў Макавецкі – мастак, разьбяр па дрэве, адзін з аўтараў найдаўжэйшай у свеце, амаль 24-метровай драўлянай лыжкі, якую разьбяры супольна выразалі падчас пленэру. Заняткаў мастацтвам ён не пакідаў і за кратамі: некалькі малюнкаў з гістарычнымі сюжэтамі яму ўдалося перадаць на волю. Маці мастака зрабіла з іх паштоўкі, якія даслала сыну на дзень народзінаў, аднак Макавецкаму іх не перадалі. На працягу апошніх месяцаў зняволення з ліставаннем увогуле былі праблемы, але ў тык лістах, што ад яго ўдалося атрымаць родным, палітвязень пісаў: «Ведаю, што ўсё хутка зменіцца. Прынцыпаў сваіх я не мяняў. Не адракаюся ад сваіх перакананняў: вольны той – хто думае свабодна».
Андрэй Вішнеўскі