Аўторак, 27 Снежань 2022

Мікалай Статкевіч ізноў у ШІЗА. Найверагодней, на ўсе навагоднія святы

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Пра тое, што апазіцыйны палітык і палітвязень, які нядаўна перахварэў на ковід і запаленне лёгкіх, зноўку пакараны знаходжаннем у ШІЗА, паведаміла ягоная жонка Марына Адамовіч. На сваёй старонцы ў Фэйсбуку яна напісала: «Гэтыя святочныя дні, напоўненыя чаканнем дзівосаў, Мікола Статкевіч праводзіць у ШІЗА. Чарговая «спецаперацыя», верагодна. Тэрмін «пакарання» мне невядомы. Дапускаю, што пастараюцца захапіць усё святы». Мікалай Статкевіч трапіў за краты яшчэ 31 траўня 2020г., 14 снежня 2021г. яго асудзілі да 14 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах асаблівага рэжыму.Пакаранне палітвязень адбывае ў Глыбоцкай калоніі №13, вядомай пад рэгіянальнай назвай «Беразвечча».

Мікалая Статкевіча ўтрымліваюць у адзіночнай камеры – «у адзіночцы 1 метр на 3», як піша Марына Адамовіч. Паводле яе словаў, ці не палову адбытага ў калоніі часу ён быў вымушаны правесці ў ШІЗА: «Агулам, гэта ўжо не менш, чым 21-е спагнанне з ліпеня. Да хваробы палову часу Мікалай правёў у ШІЗА. Не скардзіцца. Іранізуе: «Наступны ліст (як мінімум) прапушчу з-за ШІЗА. Ну, крыху палянуюся пэўны час».

Палітык асуджаны паводле ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя масавых беспарадкаў») З 23 чэрвеня 2022г. ён знаходзіцца ў Глыбоцкай калоніі, адміністрацыя ўстановы амаль адразу ж паставіла яго на ўлік як «асобу, схільную да экстрэмізму», а 4 лістапада гэтага году МУС уключыла палітвязня ў »Пералік асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці».

Феліцыян Красоўскі