Серада, 12 Люты 2025

Журналіст Андрэй Кузнечык — на волі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

За кратамі ён правёў больш за тры гады. 8 чэрвеня 2022 г. ураджэнец Віцебска Андрэй Кузнечык быў пакараны 6 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму за «стварэнне экстрэмісцкага фармавання». Закрыты працэс правялі за некалькі гадзін, акалічнасці справы невядомыя. Сваёй віны Андрэй Кузнечык не прызнаў.

Пра вызваленне Андрэя Кузнечыка, а таксама амерыканскага грамадзяніна, чыё імя не называецца, і шматдзетнай маці Алена Маўшук паведамілі прадстаўнікі Дзяржаўнага дэпартамента ЗША. 12 лютага журналіст прыбыў у Вільню. Яго сустракалі жонка і дзеці – 5-гадовы сын і 11-гадовая дачка.

Большую частку  прызначанага судом тэрміну Андрэя Кузнечыка трымалі ў Наваполацкай папраўчай калоніі № 1. Апошнія некалькі месяцаў ён правёў у мінскім следчым ізалятары КДБ, вядомым як «амерыканка».

У студзені на дзяржаўным тэлеканале АНТ выйшаў прапагандысцкі чатырохсерыйны фільм пра журналістаў Радыё Свабода, якія нібыта «спрабавалі падпаліць Беларусь». У ім паказалі і зняволенага Андрэя Кузнечыка.

Ен быў затрыманы 25 лістапада 2021 г. каля свайго дома ў Мінску, у кватэры ўчынілі ператрус, забраўшы грошы, тэхніку і іншыя прадметы. Спачатку журналіста двойчы асудзілі нібыта за «дробнае хуліганства», а 23 снежня 2021 г. стала вядома, што супраць яго распачалі крымінальную справу.

За дзень да затрымання ён напісаў адкрыты ліст, у якім патлумачыў сваё рашэнне застацца ў Беларусі, нягледзячы на прапановы з'ехаць у эміграцыю.

11 студзеня 2022 г. беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Андрэя Кузнечыка палітычным зняволеным.

Марыя Селівашка